Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца


Амерыканскія сенатары нарэшце ўзгаднілі двухпартыйны законапраект аб дапамозе Украіне і Ізраілю, аднак гэта яшчэ не азначае, што ён будзе ўхвалены. З рэзкай крытыкай дакументу выступіў Доналд Трамп і правае крыло Рэспубліканскай партыі. Спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан папярэдзіў, што ў цяперашнім выглядзе дакумент не атрымае падтрымкі ніжняй палаты Кангрэсу. Чаму амерыканскі істэблішмент ніяк не можа дамовіцца наконт дапамогі саюзнікам ЗША?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Джо Байдэн сустракае салдатаў, якія перавозяць труну з астанкамі сяржанта арміі ЗША, забітага ў выніку атакі дрона-камікадзэ на вайсковую базу ў Іярданіі 28 студзеня, на базе ваенна-паветраных сілаў Доўвэр. Дэлаўэр, ЗША. 2 лютага 2024 года.
Фота: Matt Rourke / AP Photo / East News

Перамовы і спрэчкі вакол дадатковага фінансавання Украіне цягнуцца з верасня 2023 году. Рэспубліканцы выступілі супраць уключэння дапамогі Украіне ў бюджэт (спачатку Белы дом патрабаваў для Украіны $24 млрд) і каб пазбегнуць шатдаўна прэзідэнт Джо Байдэн 1 кастрычніка быў вымушаны падпісаць закон аб часовым бюджэце, які прадугледжвае фінансаванне ўрада толькі на працягу 45 дзён.

Цягам 45 дзён пытанне не вырашалася, а міжнародная абстаноўка толькі ўскладнілася – пачалася вайна Ізраілю і «Хамас». З улікам гэтага адміністрацыя Байдэна паспрабавала развязаць праблему нестандартным шляхам: аб’яднаць у адзін запыт у Кангрэс просьбу пра вайсковую дапамогу для Украіны, Ізраілю і Тайваню. Гэтак планавалася нейтралізаваць супраціў Рэспубліканскай партыі, якая актыўна выступае за падтрыманне Ізраілю і магла не захацець блакаваць гэтыя выдаткі.

У выніку Белы дом распрацаваў законапраект аб дадатковым фінансаванні на 2024 год. Пакет агульным коштам $ 110 млрд уключаў $ 61 млрд для Украіны, а таксама сродкі для Ізраілю, Тайваню, на гуманітарную дапамогу сектару Газа і комплекс захадаў для ўмацавання паўднёвай амерыканскай мяжы.

Аб’яднанне ўсіх гэтых пытанняў у адзін кейс выклікала рознагалоссі ў Рэспубліканскай партыі. Некаторыя кангрэсмены падтрымалі адпаведны падыход. Аднак многія рэспубліканцы настойвалі, што гэтыя пытанні мусяць разглядацца паасобку. Перамовы наконт новага законапраекту зацягнуліся.

Прагрэс, але не перамога

У пачатку лютага рэспубліканцы і дэмакраты ў Сенаце ўсё-ткі здолелі дамовіцца: быў апублікаваны двухпартыйны законапраект на суму $118 млрд. З іх $ 60,06 млрд прапануецца накіраваць на падтрымку Украіны, $14,1 млрд – на дапамогу Ізраілю, $20,23 млрд – на забеспячэнне бяспекі мяжы з Мексікай, $4,83 млрд – на падтрымку партнёраў ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зруйнаваныя будынкі пасля абстрэлаў у раёне вежаў Аль-Макусі ў Газе, сектар Газа. 3 лютага 2024 года.
Фота: AFP / East News

Дакумент стаў вынікам кампрамісу паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі ў Сенаце. Рэспубліканцы дамагліся таго, каб у законапраект быў уключаны меры, якія зробяць міграцыйную палітыку ЗША больш жорсткай. У прыватнасці, дакумент карэктуе механізмы давання прыстанішча на мяжы, пашырае магчымасці ўтрымання нерэгулярных мігрантаў пад вартай, а таксама надзяляе прэзідэнта новымі паўнамоцтвамі па неадкладнай высылцы мігрантаў, калі іх колькасць пачынае перавышаць пэўную планку. Дэмакраты ў сваю чаргу дамагліся пашырэння лімітаў на выдачу візаў, дазволаў на працу і гарантыяў забеспячэння правоў мігрантаў падчас працэдуры высылцы.

Лідар сенацкай большасці, дэмакрат Чак Шумэр высока ацаніў вынікі сумеснай працы, назваўшы гэты дакумент «манументальным крокам» да ўмацавання нацыянальнай бяспекі. Лідар сенацкай меншасці Мітч Макконэл таксама быў задаволены: паводле яго, рэспубліканцы «не змогуць атрымаць больш выгадную здзелку».

Аднак двухпартыйны законапраект быў сустрэты ў штыкі правым крылом Рэспубліканскай партыі – яны палічылі прапанаваныя захады недастаткова жорсткімі. «The New York Times» зазначае, што ў дакумент не ўвайшлі некаторыя важным патрабаванні правых рэспубліканцаў: напрыклад будаўніцтва загарод і абмежаванне механізму ўмоўнага вызвалення мігрантаў, дзякуючы якому замежнікі могуць працяглы час легальна жыць і працаваць у ЗША, пакуль іх міграцыйныя заявы разглядаюцца.

Не ў захапленні ад законапраекту і левыя дэмакраты – для іх прапанаваныя абмежаванні наадварот выглядаюць занадта жорстка.

«Пасля некалькіх месяцаў перамоваў невялікая група рэспубліканцаў і дэмакратаў распрацавалі тэкст плана па спыненні міграцыі, але яго чакае цяжкі шлях да прыняцця», – канстатуе NYT.

Спікер Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканец Майк Джонсан паабяцаў, што дакумент будзе «пахаваны» ў ніжняй палаце Кангрэсу адразу па прыбыцці.

«Гэты законапраект яшчэ горшы, чым мы чакалі, і нават не набліжаецца да завяршэння пагранічнай катастрофы, якую стварыў прэзідэнт», – заявіў ён.

На мінулым тыдні Джонсан анансаваў, што Палата прадстаўнікоў разгледзіць вылучэнне дапамогі Ізраілю асобна, без падтрымання Украіны. Байдэн адразу заявіў, што выступае супраць раздзяленне гэтых пытанняў, назваўшы ініцыятыву рэспубліканцаў «цынічным палітычным манеўрам». Прэзідэнт падтрымаў двухпартыйны законапраект сенатараў і заклікаў Кангрэс не зацягваць з яго ўхваленнем.

У чым сутнасць спрэчак

Звонку можа паказацца, што каменем спатыкання з’ўяўляецца менавіта падтрыманне Украіны. Аднак насамрэч для палітычнай сітуацыі ў ЗША гэта пытанне з’яўляецца другасным адносна праблемы міграцыі. Паказальна, што амерыканскія медыі распавядаюць пра законапраект зусім інакш, чым еўрапейскія: для іх гэта ў першую чаргу дакумент пра міграцыйную палітыку, а не пра падтрымку Украіны і Ізраілю.

Большасць амерыканцаў не ўспрымае канфлікты на Блізкім Усходзе і ва Украіне як безумоўныя экзістэнцыйныя пагрозы. Грамадскія настроі ў ЗША вагаюцца, колькасць прыхільнікаў дапамогі Украіне і Ізраілю то расце, то падае. Прычым стаўленне дэмакратаў і рэспубліканцаў да міжнародных праблемаў выразна адрозніваецца: сярод электарату Рэспубліканскай партыі больш прыхільнікаў падтрымкі Ізраілю і менш прыхільнікаў падтрымкі Украіны, а ў электарату Дэмакратычнай партыі ўсё наадварот. Аднак у цэлым на першы план для амерыканцаў выйшлі пытанні міграцыі і сітуацыі на мяжы з Мексікай – гэта прыярытэтная тэма для 74 % насельніцтва, у тым ліку 93 % электарату Рэспубліканскай партыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец 59-й асобнай мотастралковай брыгады ЗСУ стаіць побач з рэактыўнай сістэмай залпавага агню БМ-21 «Град» каля лініі фронту ў невядомым месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 4 лютага 2024 года.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

То бок для грамадзянаў ЗША вайна ва Украіне значна саступае па важнасці сітуацыі на мяжы з Мексікай. А для адміністрацыі Байдэна ўхваленне комплекснай падтрымкі для Украіны і Ізраілю – пытанне абсалютна прынцыповае. Разумеючы гэта, правыя рэспубліканцы выкарыстоўваюць праблему фінансавання Украіны як рычаг ціску на Белы дом.

Дадае вастрыні спрэчкам той факт, што восенню ў ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары, на якіх, хутчэй за ўсё, сутыкнуцца Джо Байдэн і Дональд Трамп. Майк Джонсан, які паабяцаў пахаваць у Палаце прадстаўнікоў двухпартыйны законапраект Сенату, – гэта адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Трампа. Трамп у сваю чаргу заявіў, што «дрэнная памежная здзелка – гэта куды горш, чым наогул ніякай памежнай здзелкі».

Газета «The Washington Post» тлумачыць, што Трамп у прынцыпе не зацікаўлены ў прыняцці якога-небудзь памежнага закона. Апытанні паказваюць, што большасць жыхароў ЗША незадаволены палітыкай Белага дому ў сферы міграцыі, што можа стаць сур’ёзнай перашкодай для пераабрання Байдэна. Таму калі міграцыйны крызіс будзе ўрэгуляваны да выбараў, гэта аслабіць пазіцыі Трампа – усе рэпутацыйныя бонусы ў такім выпадку атрымае адміністрацыя Байдэна.

«The Washington Post» дапускае, што пасля рэзкай крытыкі з боку трампістаў законапраект можа не набраць дастаткова галасоў нават у Сенаце – прынамсі частка сенатараў-рэспубліканцаў далі зразумець, што галасаваць за дакумент не будуць.

«І вось, Трамп зноў вырывае паражэнне з пашчы перамогі», – цытуе газета расчараванага сенатара-рэспубліканца, які не падтрымлівае палітыку Трампа.

Першае галасаванне па гэтым пытанні ў Сенаце плануецца правесці ў сераду. «The New York Times» нагадвае, што хаця дэмакраты і маюць у верхняй палаце большасць, для праходжання законапраекту ім усё роўна спатрэбяцца галасы рэспубліканцаў.

Чаму для ЗША праблема міграцыі на першым месцы

Буйныя міжнародныя крызісы апошніх гадоў супалі для Злучаных Штатаў з крызісам памежнай палітыкі і наплывам мігрантаў з поўдня. За гады прэзідэнцтва Байдэна колькасць мігрантаў, што прыбываюць праз мексіканскую мяжу, вырасла ў некалькі разоў.

Колькасць мігрантаў на мяжы ЗША і Мексікі.
Фота: migrationpolicy.org

У канцы 2023 году быў дасягнуты абсалютны рэкорд: амерыканскія памежнікі толькі за снежань зафіксавалі 300 тысяч мігрантаў з боку Мексікі. Агулам з пачатку 2021 года мяжу незаконна перасеклі больш за 6,3 млн мігрантаў. У асноўным гэтыя людзі ўцякаюць не ад узброеных канфліктаў або палітычных рэпрэсіяў, а ад галечы ў лацінаамерыканскіх краінах.

Ва ўмовах нарастання крызісу губернатар Тэхасу (адзін з паўднёвых штатаў, што мяжуе з Мексікай) Грэг Эббат вырашыў прыняць уласныя меры супраць нерэгулярнай міграцыі. Яшчэ ў 2021 годзе ён распачаў аперацыя «Адзінокая зорка», якая прадугледжвала накіраванне на мяжу байцоў Нацыянальнай гвардыі, устаноўку плота з калючага дроту ўздоўж некаторых частак мяжы і плывучай загароды. Рашэнне Эббата ў сваю чаргу стала прычынай канфлікту з Вашынгтонам: паводле закону, барацьба з нерэгулярнай міграцыяй – гэта прэрагатыва федэральных уладаў. «Адзінокая зорка» стварыла праблемы для працы амерыканскіх памежнікаў, якія ў выніку самавольных дзеянняў уладаў Тэхасу не могуць трапіць на важныя ўчасткі мяжы з Мексікай.

У выніку Белы дом падаў позву супраць уладаў Тэхасу, патрабуючы прыбраць загароды. У студзені 2024 году Вярхоўны суд стаў на бок федэральных уладаў. Эббат у адказ рэзка раскрытыкаваў палітыку Белага дому і даў зразумець, што з гэтым не змірыцца.

Хаця спрэчка Тэхасу і Вашынгтону не мае нічога агульнага з «грамадзянскай вайной» або «пачаткам распаду ЗША» (адпаведныя фэйкі адразу пачала распаўсюджваць расейская і кітайская прапаганда), падобныя сітуацыі аб’ектыўна працуюць на руку Трампу і ягоным прыхільнікам, бо ствараюць глебу для больш радыкальных патрабаванняў у міграцыйным пытанні. Што ў сваю чаргу можа яшчэ больш зацягнуць ухваленне дапамогі для Украіны.

Аналітыка
Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года
2023.12.29 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў