Палата прадстаўнікоў ЗША можа падтрымаць дапамогу Ізраілю без Украіны. Белы дом не задаволены


На наступным тыдні ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адбудзецца галасаванне па законапраекце пра паскоранае вылучэнне Ізраілю 17,6 мільярдаў долараў дапамогі ў сферы бяспекі. Але без падтрымання Украіны. У Белым доме раскрытыкавалі такое рашэнне.

Капітолій – сядзіба Кангрэсу ЗША.
Фота: wikipedia.org

Спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заявіў 3 лютага, што на наступным тыдні Палата прадстаўнікоў разгледзіць паскарэнне вылучэння Ізраілю 17,6 мільярдаў долараў дапамогі ў сферы бяспекі, без падтрымання Украіны. Як піша «The New York Times», гэта можа ўскладніць намаганні лідараў Сената прыняць шырэйшы пакет дапамогі, куды б уваходзіла і падтрыманне Украіны.

Джонсан сказаў, што пакет Сената пацерпіць няўдачу ў Палаце прадстаўнікоў, бо прапанаваныя ў ім захады бяспекі недастаткова жорсткія для стрымлівання ўсплёску міграцыі на межах ЗША. Замест гэтага Палата прадстаўнікоў плануе прагаласаваць за імпічмент міністра ўнутранай бяспекі.

У лісце да чальцоў Палаты прадстаўнікоў Джонсан дадаў, што прыярытэт будзе нададзены і ўласнаму падыходу да дапамогі Ізраілю ў вайне з «Хамасам». Паводле яго, не ўключыўшы Палату прадстаўнікоў у свае перамовы, Сенат страціў «магчымасць хуткага разгляду любога заканадаўства».

«Цынічны палітычны манеўр»

У адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна раскрытыкавалі намер Палаты прадстаўнікоў прагаласаваць за законапраект аб фінансавай дапамозе Ізраілю без праграмы падтрымання Украіны. У заяве Белага дому гэтая ініцыятыва названая «цынічным палітычным манеўрам» рэспубліканцаў.

«На працягу некалькіх месяцаў адміністрацыя працавала з двухпартыйнай групай сенатараў над пагадненнем аб нацыянальнай бяспецы, якое забяспечвае бяспеку нашай мяжы і забяспечвае падтрыманне народаў Украіны і Ізраілю», – гаворыцца ў заяве.

У Белым доме падкрэслілі, што бяспека Ізраілю не павінна быць палітычнай гульнёй, выступаючы «рашуча супраць гэтай выхадкі, якая не садзейнічае забеспячэнню бяспекі мяжы, не дапамагае народу Украіны абараніцца ад агрэсіі Пуціна і адмаўляе ў наданні гуманітарнай дапамогі мірным жыхарам Палестыны».

Адміністрацыя заклікаў рэспубліканцаў Палаты прадстаўнікоў працаваць двухпартыйна, як гэта робяць адміністрацыя і Сенат, над гэтымі надзённымі пытаннямі нацыянальнай бяспекі.

Дапамога Украіне ад ЗША

Ужо некалькі месяцаў амерыканскія заканадаўцы не могуць ухваліць запыт Джо Байдэна на дадатковае фінансаванне з мэтай дапамогі Украіне, Ізраілю, Тайваню, а таксама падтрымання нацыянальнай бяспекі ЗША. Рэспубліканцы блакуюць пытанне падтрымкі Украіны, дамагаючыся ад кіроўнай Дэмакратычнай партыі ўзмацнення аховы паўднёвай мяжы, дзе значна ўзрасла колькасць мігрантаў.

Шэраг прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі ў Сенаце і Палаце прадстаўнікоў патрабуюць разглядаць падтрымку Ізраіля асобна ад пытанняў дапамогі Украіне і бяспекі мяжы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў