Тысячы ваяроў – абаронцаў Украіны, пасля знаходжання на перадавой маюць патрэбу ў тэрміновай рэабілітацыі. Важным звяном у вяртанні байцоў да нармальнасці мае стаць рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», які ствараюць пад Кіевам актывісты беларускага грамадскага аб’яднання «Звяно». Пра тое, калі адкрыецца цэнтр і як яму можна дапамагчы, паразмаўлялі з лідаркай аб’яднання, праваабаронцай і былой палітзняволенай Таццянай Гацурай-Яворскай.
«Вельмі спадзяюся, што ўжо ў красавіку рэабілітацыйны цэнтр «Ланка» будзе адкрыты і пачне працаваць. Але шмат што залежыць ад фінансавага чынніку. Дэпазіт за арэнду будынку мы ўнеслі з уласных грошаў. А сам цэнтр распачне працу з кліентамі толькі тады, калі збяром першыя тры тысячы еўраў», – кажа Таццяна Гацура-Яворская.
Па словах актывісткі, гэтыя грошы неабходныя на аплату камунальных паслугаў, працы спецыялістаў, лагістыкі і харчавання некалькіх ветэранаў. Загрузка цэнтру будзе цалкам залежыць ад колькасці сабраных сродкаў. Для таго, каб у «Ланцы» атрымлівалі дапамогу 10 чалавек, неабходна мець 5 тыс еўраў на месяц.
На мінулым тыдні «Звяно» абвясціла збор сродкаў на працу цэнтру рэабілітацыі. На сайце абʼяднання можна аформіць паўгадавую падпіску дапамогі на 5, 10, 25, 50 і 100 долараў ці выканаць аднаразовы данат. Як кажа Таццяна, людзі ўжо пачалі дапамагаць, але патрэбнай сумы на старт пакуль вельмі бракуе.
Дом, у якім пачне дзейнічаць «Ланка» (у перакладзе з украінскай – «звяно») знаходзіцца недалёка ад Кіева. Гаспадары ў поспеху пакінулі яго ў першыя дні расейскага ўварвання ва Украіну, таму больш за год будынак пуставаў. Беларускія валанцёры збольшага ўжо падрыхтавалі яго (плошча – 500 кв. м) да прыезду першых ветэранаў, але працы яшчэ хапае. Таму актывісты «Звяна» 1 красавіка ўзялі ўдзел у суботніку на тэрыторыі будучага цэнтру.
«Папрыбіраць, праветрыць, парасстаўляць мэблю. Як прыбяромся і будзе чыста – будзем гатовыя прымаць першых кліентаў. Так, мэблі там дастаткова, маем троху спартовага інвентару. Бялізна, ручнікі, посуд – усё ёсць, для жыцця ўсё падрыхтаванае», – расказвае Таццяна Гацура-Яворская.
Спадарыня Таццяна кажа, што мае ўжо папярэднія дамоўленасці са спецыялістамі – рэабілітолагамі, псіхолагамі, масажыстамі, юрыстамі. Да справы гатовыя далучыцца іншыя лекары-беларусы – оталарынголаг і неўрапатолаг. Гэта азначае, што патрэбным наглядам у цэнтры будуць забяспечаныя і людзі пасля кантузіі.
Колькі ўвогуле спатрэбіцца спецыялістаў і калі яны пачнуць працаваць – зноў жа будзе залежыць ад фінансавання.
«Мы, па сутнасці, будзем проста сэрвісам, які дапамагае людзям. Калі будуць кліенты, то працэсы дапамогі будуць ужо адпрацоўвацца і наладжвацца», – тлумачыць Таццяна.
Яна прызнаецца, што ў сваіх марах бачыла дом для рэабілітацыйнага цэнтру дзе-небудзь у Карпатах. Але ў рэальнасці абслугоўваць такі цэнтр пад Кіевам – нашмат практычней і зручней, хаця б у плане лагістыкі. Пакуль што ў камандзе, якая будзе пастаянна працаваць у цэнтры, усяго пяць чалавек, але ў »працэсе наладжвання«, як кажа нашая суразмоўца, штат, магчыма, давядзецца пашыраць. Спецыялісты, якіх будзе наймаць «Звяно», будуць прыязджаць з Кіеву.
«Не Карпаты, канечне, але досыць прыгожае месца. Вакол дому – прастор, з вокнаў – прастор. Гэта – важна», – адзначае Таццяна Гацура-Яворская.
Таццяна распавядае, што паслугі рэабілітацыі ў «Ланцы» будуць уключаць у сябе і рэсацыялізацыю. Прыкладам, байцам ці ветэранам, якія не зʼяўляюцца грамадзянамі Украіны, спецыялісты будуць дапамагаць развязваць юрыдычныя пытанні, у прыватнасці – легалізацыі. Будуць аказваць таксама дапамогу ў пошуку працы (ці дапамогу ў вяртанні да колішняй).
«Мы бяромся дапамагаць юрыдычна, бяромся дапамагаць у плане псіхалагічнай рэабілітацыі і будзем займацца медычнымі пытаннямі, калі стан здароўя чалавека не будзе патрабаваць нейкага спецыяльнага абсталявання», – удакладняе лідарка «Звяна».
Чалавек зможа выспацца і адпачыць у цэнтры, застацца, калі трэба, на нейкі час на самоце, але самотным і пакінутым сябе не адчуе. З кліентамі ў «Ланцы» будуць працаваць асабістыя памочнікі – куратары. На кожнага ветэрана будзе распрацаваны індывідуальны план з улікам асабістых пажаданняў.
«Знаходзіцца ў нас будзе камфортна, але ў той жа час будзем чалавека крыху падштурхоўваць да руху. Прачнуўся, паснедаў, у 12 гадзін у цябе масаж, у тры – урок ангельскай, у 5 – экскурсія, а назаўтра зранку – сеанс з рэабілітолагам ці сустрэча з юрыстам. І гэтак далей. Для тых, хто прайшоў праз ваенныя дзеянні, вельмі важна займаць думкі і час, каб не моцна занураўся ў сябе, не пачуваўся самотным. Тут вельмі важная камунікацыя, на якую людзі маюць вялікі запыт», – гаворыць Таццяна Гацура-Яворская.
Яна падкрэслівае, што ўсе паслугі для кліентаў будуць бясплатнымі. Працу спецыялістаў будзе аплачваць цэнтр.
Таццяна кажа, што цэнтр будзе адкрыты для ўсіх – і для ўкраінцаў, і для ветэранаў інтэрнацыянальнага легіёну, і тых, хто ваяваў у розных беларускіх падраздзяленнях. Таццяна плануе наладзіць шчыльныя кантакты з рознымі падраздзяленнямі, у якіх ваююць замежнікі. І ўжо цяпер актыўна супрацоўнічае з кіраўніком украінскай філіі Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэем Кушняровым.
Таццяна Гацура-Яворская ўпэўненая, што стварэнне беларусамі рэабілітацыйнага цэнтру пад Кіевам – вельмі важная і патрэбная справа. Падобных цэнтраў ва Украіне нямала – вялікіх і малых, спецыялізаваных ці агульнай рэабілітацыі, стацыянарных ці такіх, дзе паслугі аказваюць па візіце.
«Але колькасць людзей, якія праходзяць праз баявыя дзеянні, такая вялікая і іх так хутка выпісваюць, што, колькі б такіх цэнтраў ні было, яны ўсе будуць запатрабаваныя. І асабліва калі гаворка ідзе пра замежнікаў. Бо ў украінцаў тут ёсць сацыяльныя сувязі і семʼі, а замежнікі, у тым ліку беларусы – застаюцца адны», – падсумоўвае Таццяна Гацура-Яворская.
У гэтай важнай справе дапамогі ветэранам і ваярам супраць расейскай агрэсіі ва Украіне можа ўзяць удзел кожны беларус: для гэтага выберыце тарыф дапамогі на сайце абʼяднання «Звяно», каб штомесяц цягам паўгода выдаткоўваць на агульную справу выбраную суму.
Грамадскае абʼяднанне «Звяно» дзейнічала ў Беларусі з 2013 года, але пасля арышту пяці яго актывістак і распачатай у красавіку 2021 года крымінальнай справы супраць лідаркі «Звяна» Таццяны Гацуры-Яворскай, арганізацыю зліквідавалі. Таццяна Гацура-Яворская была прызнаная палітзняволенай, але праз 10 сутак яе выпусцілі з СІЗА, і яна зʼехала ва Украіну, прычым з’ехала туды ўжо пасля пачатку расейскага ўварвання. «Звяно» вядомае арганізацыяй у Менску выставы «Машына дыхае, а я – не» (праз якую актывісты і спазналі пераслед), кінафестывалю пра правы чалавека «WATCH DOCS Belarus». Абʼяднанне аднавіла сваю рэгістрацыю ва Украіне ў красавіку 2022 года, дзе займаецца гуманітарнай дапамогай (набывае VAC-апараты для тэрапіі параненых) і рэабілітацыяй вайскоўцаў (стварае рэабілітацыйны цэнтр «Ланка»), культурніцкімі праектамі (арганізавала фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы», выставу працаў Уладзіміра Цэслера).
Зміцер Міраш belsat.eu