ЗША дапускаюць ваенныя дзеянні супраць Паўночнай Карэі ў выпадку пагрозы


Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан у Сеуле адзначыў, што палітыка «стратэгічнага трывання» супраць Пхеньяну скончылася.

У свой першы візіт у Паўднёвую Карэю на пасадзе дзяржсакратара Рэкс Тылерсан прадэманстраваў смеласць і рашучасць Злучаных Штатаў. Наведаў амерыканскую ваенную базу і самую замінаваную ў свеце мяжу – дэмілітарызаваную зону між дзвюма Карэямі. Вайсковы камуфляж цалкам пасаваў да сённяшніх заяваў дыпламата аб ядравай пагрозе з боку КНДР.

«Палітыка стратэгічнага трывання скончылася. Мы вывучаем новы дыяпазон захадаў у дыпламатыі, бяспецы ды эканоміцы. Усе варыянты актуальныя», – заявіў Тылерсан.

Цяпер у рэгіёне трывожна: тут ідуць найбуйнейшыя ў гісторыі карэйска-амерыканскія вайсковыя вучэнні. А ракетныя войскі Кім Чэн Ына адпрацоўваюць удары па амерыканскіх базах у Японіі. Паводле ваенных аналітыкаў, у такіх умовах сілавы варыянт рашэння праблемы КНДР можа ўключаць і прэвентыўныя ўдары па ядравых абʼектах і кропкавыя ліквідацыі кіраўніцтва Паўночнай Карэі.

«Калі КНДР павысіць пагрозу іх праграмы ўзбраення да ўзроўню, які будзе патрабаваць дзеянняў, гэты варыянт будзе актуальны», – кажа дзяржсакратар.

Але пакуль ЗША з саюзнікамі практыкуюць жорсткія эканамічныя санкцыі і заклікаюць іх пашыраць. Магчыма, у сувязі з гэтым міжбанкаўская сістэма SWIFT, са штаб-кватэрай у Бельгіі, анансавала хуткае выключэнне ўсіх банкаў КНДР са спісу кліентаў. Гэта значна ўскладніць для Пхеньяну здабыванне грошай на ўзбраенне. Да міжнародных санкцыяў мог бы далучыцца і Кітай – заявіў сёння Рэкс Тылерсан. Таксама Вашынгтон і Сеул заклікалі Пекін не перашкаджаць разгортванню проціракетнай сістэмы THAAD у Паўднёвай Карэі.

«Як урад Паўднёвай Карэі, гэтак і Злучаныя Штаты праводзяць разгортванне сістэмы THAAD – проціракетнага комплексу наземнага базавання, каб рэагаваць на цалкам іншы ўзровень пагрозы з боку КНДР у параўнанні з мінулым, – заявіў міністр замежных справаў Паўднёвай Карэі Йын Пёнг Сэ. – Патрэба ў гэтай проціракетнай сістэме ідзе ад паўночнакарэйскіх ядравых ды ракетных пагрозаў, і яна не скіраваная на нейкую трэцюю краіну».

Пекін адрэагаваў традыцыйна: мы разумеем ядрава-ракетную пагрозу з боку КНДР, але вашая проціракетная сістэма пагражае нашай бяспецы.

«У сістэме THAAD радар Ікс-дыяпазону можа пакрываць да дзвюх тысяч кіламетраў, радыус маніторынгу і ранняга папярэджання сягае далёка за межы Карэйскага паўвостраву, глыбока ў Азію, і пакрывае вялікі абшар Кітаю, які выходзіць далёка за межы барацьбы з ракетна-ядравай пагрозай», – заявіла прэсавая сакратарка кітайскага МЗС Хуа Чунь Ін.

У Японіі сёння таксама думаюць пра бяспеку: на мінулым тыдні ў 200-х км ад гораду Ога ў Японскае мора упалі вучэбныя паўночнакарэйскія балістычныя ракеты – у мястэчку ўжо прайшлі першыя вучэнні грамадзянскай абароны.

Яраслаў Сцешык

Фота: Lee Jin-man / Reuters. Паўночнакарэйскі жаўнер глядзіць у бок Паўднёвай Карэі. Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан наведаў сёння вёску Панмун’ём на самай умацаваны мяжы свету.

Глядзі таксама
Каментары