Першамайскі суд Менску аштрафаваў лідара «Маладога фронту» на 1150 рублёў (амаль $ 600) за «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі».
Пра гэта Зміцер Дашкевіч напісаў у Facebook. Паводле актывіста, яго затрымалі 31 снежня а 23:30 каля дому.
Дашкевіч запрашаў усіх ахвочых сустрэць Новы год на Кастрычніцкай плошчы з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.
Міліцыянты Максімаў і Панасенка, якія пазней сведчылі супраць Дашкевіча ў судзе, падчас затрымання актывіста адмовіліся прадстаўляцца, паказвалі дакументы аб канфіскацыі маёмасці і кідаліся на яго аўтамабіль. Пазней яны заявілі, што ён не хацеў ісці ў Першамайскае РУУС Менску для разбіральніцтва, «упіраўся нагамі, сядаў на зямлю».
У доказ хлусні праваахоўнікаў Дашкевіч выклаў відэа затрымання 31 снежня.
25 студзеня судовыя выканаўцы з прычыны быццам нявыплачаных штрафаў за мірныя палітычныя пратэсты сканфіскавалі яго аўтамабіль. Праз пару дзён невядомы даў $ 2000, каб актывіст змог вярнуць сваё канфіскаванае аўта.
ДР belsat.eu