Невядомы даў $ 2000, каб Зміцер Дашкевіч мог вярнуць сваё канфіскаванае аўта


Зміцер Дашкевіч

Лідар «Маладога фронту» вярнуў сваё канфіскаванае аўто.

Вось што напісаў у «Фэйсбуку» Зміцер Дашкевіч:

«Дзякуй Богу за перамогу!

«Зміцер, зайдзі на ўправу, тут табе пакінулі грошы», – дрыготкім голасам запрасіла мяне Вальжына Шутава. «Навошта так хвалявацца?» – падумаў я, ідучы на ўправу.

«Трымай, тут дзве тысячы», – працягнула Вальжына канверт. Я зазірнуў – усё зялёнае – і расхваляваўся сам.

Невядомы чалавек пакінуў на ўправе Партыі БНФ дзве тысячы долараў і пайшоў сабе па справах. Я думаў, што ў Беларусі даўно ўжо няма такіх бізнесменаў, якія гатовы такія грошы ахвяраваць змагарам, але вось вам, калі ласка…

Пры тым, што я ні да кога не звяртаўся і не прасіў дапамогі, дзясяткі людзей за гэтыя пару дзён напісалі з прапановаю дапамагчы! Некалькі чалавек прапанавалі браць іхныя аўты і катацца, колькі спатрэбіцца. Адзін хрысціянін настойвае, каб я забраў адну з дзвюх ягоных машын у якасці падарунка. Скажу вам, сябры, праўду: я ніколі не сутыкаўся з такой падтрымкай! Дзякуй кожнаму добраму сэрцу за падтрымку, малітвы, дапамогу!

Дзякуючы цёплай часіне года, якая, – як мудра заўважыў Сяржук Семянюк – хутка прыходзіць, была сплачаная ільвіная частка штрафаў. Яшчэ частку новых пратаколаў і 10% прыставовага навару я сплаціў з ахвяраваных грошаў і ўчора познім вечарам вырваў нашую машынку з лапаў судовых дармаедаў.

Хачу натхніць усіх: стойце трывала, пашырайце ідэі Беларушчыны – і знойдуцца людзі, якія падтрымаюць вас і вашую працу. І гэтых людзей будзе значна больш, чым не толькі нашыя ворагі, але і мы самі можам уявіць.

Прынамсі, я ня ведаю ніводнага чалавека, які за свае кроўныя плаціў бы штрафы, без падтрымкі заставаўся б у супрацьстаянні са злачынцамі. Заўсёды будзе падтрымка, заўсёды будзе дапамога – Госпад натхняе на гэта многія і многія сэрцы, значна болей, чым мы нават можам сабе ўявіць)

На зло нашым ворагам і на радасць усім людзям добрай волі будзьма салідарнымі! Калі хто хоча паўдзельнічаць, вы можаце заўсёды ахвяроўваць на нашу агульную з вамі справу ў межах кампаніі #наколыісьцягі».

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары