Жыхары гораду нянавісці, у якім кроў цякла ракой, дагэтуль баяцца


Горад нянавісці – гэтак шмат хто на Балканах называе Косаўска-Мітравіцу, горад у цэнтры былога югаслаўскага аўтаномнага краю, а сёння незалежнай Рэспублікі Косава.

Горад, у якім мірна жылі албанцы ды сербы. Гэтак званыя этнічныя чысткі, пік якіх прыпаў на 1999 год і якія справакавалі бамбаванне НАТО Сербіі, зменшылі насельніцтва места больш як на траціну. Шмат хто з «этнічна зачышчаных» загінуў. Чым сёння жыве «горад нянавісці» і ці ўдалося знайсці паразуменне ягоным жыхарам?

Сёння Косаўска-Мітравіца – досыць сучасны еўрапейскі горад з яркімі элементамі Усходу: менавіта тут накіравала свой купал у неба адна з найбуйнейшых у краіне мячэцяў. Нішто, здаецца, ужо не нагадвае пра падзеі 16-гадовай даўніны, якія засталіся толькі ў памяці сведак. Адзін з іх – 88-гадовы жыхар гораду Байрам Мэхоллі. Кожны такі ўспамін вярэдзіць яму душу.

Байрам Мэхоллі, жыхар Косаўска-Мітравіцы:
«Паўсюль разрываліся гранаты і свісталі кулі. Уся гэтая плошча была пакрытая целамі забітых. Кроў цякла ракой. Я цудам ацалеў, проста збег ад сербскіх паліцыянтаў».

Самыя крывавыя падзеі вось на гэтых вуліцах адбываліся ў сакавіку-красавіку 1999 года, калі ў горад уварваліся сербскія вайскоўцы і паліцыя. Людзей не сербскай нацыянальнасці сілком запіхвалі ў цяжкавікі ды везлі або на мяжу з Албаніяй, або ў турму.

Байрам Мэхоллі, жыхар Косаўска-Мітравіцы:
«Людзей кідалі за краты як бандытаў, нічым не кармілі, не давалі вады, здзекаваліся. Усё гэта прымушала іх пакутаваць яшчэ больш. Гэта было жудасна! Сумны, вельмі сумны час…»

З тымі, хто аказваў хоць нейкі супраціў, распраўляліся проста каля іхных дамоў. На гэтай мемарыяльнай дошцы, якіх у горадзе шмат, выгравіраваныя імёны 20 чалавек.

Нэджмэдын Спахіў, прафесар універсітэту ў Прыштыне:
«Большасць гэтых людзей забілі стрэлам у скронь проста тут, каля пад’езду дому. Кроў з іхных целаў цякла па вуліцы ажно вунь да таго дому».

Але падзеі 16-гадовай даўніны, як лічыць прафесар Прыштынскага ўніверсітэту Нэджмэдын Спахіў, былі толькі вяршыняй айсбергу. Вайну супраць косаўскіх албанцаў сербскае кіраўніцтва планавала даўно, яшчэ за дзесяць гадоў да яе пачатку.

Нэджмэдын Спахіў, прафесар універсітэту ў Прыштыне:
«Яе галоўнаю мэтаю былі этнічныя чысткі Косава і, у першую чаргу, рэгіёну Косаўска-Мітравіцы. Гэтую палітыку падтрымліваў і рэалізоўваў былы сербскі прэзідэнт Слабадан Мілошэвіч. І яна адпавядала ідэалогіі сербскага нацыяналізму ды ўрэшце прывяла да стварэння атмасферы непаразумення і нянавісці ва ўсім рэгіёне».

Атмасферы, якая цягам дзесяцігоддзя перад вайною падтрымлівалася ў Косава масавымі звальненнямі албанцаў з працы, выключэннямі іхных дзяцей са школы. Усё рабілася «з мэтаю абараніць этнічных сербаў». Прыкладна такая ж рыторыка выкарыстоўвалася нацысцкім рэжымам у Нямеччыне ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

Нэджмэдын Спахіў, прафесар універсітэту ў Прыштыне:
«Так, палітыка Мілошэвіча чымсьці была падобная да палітыкі Гітлера. Але адзначу, што ў Косава няма настолькі горкіх успамінаў пра прысутнасць тут нацыстаў, колькі іх з’явілася пасля атакі на нас з боку сербскіх войскаў».

Атака сербскіх войскаў на Косава і масавы ў стылі Гестапа генацыд уласных грамадзянаў, арганізаваны кіраўніцтвам Сербіі, не засталіся незаўважанымі міжнароднаю супольнасцю. Сюды, у Косава, увялі міжнародны кантынгент войскаў КФОР. Разам з начнымі бамбаваннямі НАТО сербскіх гарадоў увод войскаў меў свой уплыў. Афіцыйны Бялград урэшце мусіў адмовіцца ад этнічных чыстак і спыніць вайну. У пасляваенны перыяд Косаўска-Мітравіца стала сімвалам этнічнага падзелу Косава. Сёння горад – гэта дзве часткі, якія ня могуць замірыцца.

Мяжу паміж паўночнаю ды паўднёваю часткамі гораду цяпер і ўдзень і ўначы патрулююць з абодвух бакоў сербскія ды албанскія паліцыянты, а таксама натаўскія жаўнеры кантынгенту КФОР. Кіроўца маршруткі, албанец, у паўночную Мітравіцу нас везці адмовіўся.

Донэ, кіроўца маршруткі з Косаўска-Мітравіцы
«Албанцы баяцца ехаць у тую частку гораду, бо там небяспечна. Але для англічанаў і амерыканцаў – без праблемаў. Ім не варта баяцца».

Ну што ж… «Апрануўшы» амерыканскую ўсмешку на твар, ідзем у сербскі анклаў пешшу. Паўсюль – сербскія нацыянальныя сцягі ды рэклама на сербскай мове, у тым ліку палітычных партыяў і лідараў суседняй дзяржавы. Ёсць тут і свая канцылярыя. Але яе прадстаўнікі мець стасункаў з журналістамі не жадаюць.

Сустрэць албанца ў паўночнай частцы Мітравіцы – гэта як знайсці іголку ў стозе сена. Гэты прыйшоў сюды, пераадольваючы ўласны страх.

Бэснік, жыхар Косаўска-Мітравіцы
«Сербы купляюць у мяне дровы і хлеб, вось таму я сюды і хаджу. А што рабіць? Жыць жа неяк трэба».

А вось самі мясцовыя сербы лічаць, што аніякага этнічнага непаразумення ў іх няма.

«Я вучуся тут і працую. У мяне няма праблемаў з албанцамі, бо я з імі не кантактую».
«Мітравіца – гэта чыста палітычная праблема, якую прыдумалі Еўрапейскі Звяз і Амерыка».

Тым не менш, як адзначаюць мясцовыя назіральнікі, менавіта ўмяшанне Еўрапейскага Звязу і Злучаных Штатаў забяспечыла адносны мір у рэгіёне. Свой унёсак у яго зрабіла і абвешчанне Косавам незалежнасці ў 2008 годзе.

Нэджмэдын Спахіў, прафесар універсітэту ў Прыштыне:
«Калі сюды, у Косава, увайшлі войскі НАТО, людзі ўрэшце адчулі сябе ў бяспецы. І пачуваюцца гэтак да сённяшняга дня. Дэкларацыя ж незалежнасці паказала нам, што шмат цяпер залежыць ад нас саміх. Мы можам змяніць сваё жыццё да лепшага».

А пачаць, напэўна, можна вось з гэтага «парку міру», невялічкага аазісу зеляніны, які пасадзілі сярод глыбаў раскурочанага асфальту на месцы былых барыкадаў. Проста побач з мостам паміж паўднёваю ды паўночнаю Косаўска-Мітравіцаю.

Мост праз раку Ібэр, якая падзяляе горад нянавісці на дзве варожыя адно адной часткі, мала хто хоць калі-небудзь перасякае. Фактычна сёння гэта мост-фантом, мост-міраж. Але ўсё ж гэта яшчэ і мост надзеі. Надзеі на тое, што нянавісць калі-небудзь скончыцца і ў гэты прыгожае еўрапейскае мястэчка зноў вернуцца мір і згода.

Алесь Сіліч, «Прасвет», Косава

Глядзі таксама
Каментары