Жорсткі і дзёрзкі – кантроль ад Мінгандлю. Чыноўнікі не хочуць, каб Лукашэнка ўтрымаўся?


Жорсткі кантроль і суворыя кары. Вось што паабяцалі ў Міністэрстве гандлю бізнесоўцам. Міністэрскія інспектары ходзяць па рынках і прыватных крамах ды сочаць, каб кошты на тавары не раслі.

ВАЛЯР’ЯН БЯСПАЛЫ, ГАНДЛЁВАЯ ІНСПЕКЦЫЯ МІНГАНДЛЮ:

«Праверак па цэнаўтварэнні стала больш. Трэба сказаць, што таксама мы аператыўна адрэагавалі на дзеянні асобных, у тым ліку сеткавых структураў, каторыя спрабавалі падвысіць кошты. Вось ёсць прыклад па працы Міністэрства гандлю з ЗАТ «Паціо», гэта сець «Пяты элемент».

Закрытае акцыянернае таварыства правінілася ў тым, што вырашыла падняць кошты па некалькіх пазіцыях тавараў. У выніку міністр гандлю выклікаў бізнесоўцаў на жорсткую размову і загадаў зрабіць, як і было. Таму, хто адмовіцца, Мінгандлю пагражае штрафамі ды прыпыненнем дзейнасці. Які кошт абгрунтаваны, а які не – вырашае Мінгандлю.

МІНІСТЭРСТВА ГАНДЛЮ:

«Кантрольныя захады ў недапушчэнні росту коштаў праводзяцца як па нехарчовых, гэтак і па харчовых таварах, уключна з пладова-гародніннай прадукцыяй. Асаблівая ўвага надаецца рынкам краіны».

Спрабуючы звязаць рынкавую эканоміку сваймі праверкамі, чыноўнікі моцна б’юць па бізнесу.

ВІКТАР МАРГЕЛАЎ, РЭСПУБЛІКАНСКАЯ КАНФЕДЭРАЦЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА:

«Прадаўцы падымаюць кошты не ад сквапнасці. Найперш гэта адбываецца, калі сабекошт іхнай працы ўзрастае. Вырастаюць кошты на электраэнергію, на бензін, кошты ў вытворцаў, альбо аплата за арэнду памяшканняў».

Калі кошты не паднімаць, то і крамы, і рынкі будуць працаваць сабе ў шкоду.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

«У выніку дэвальвацыі рубля, якая часткова адбылася, імпартныя тавары мусяць падаражэць у пераліку на беларускія рублі. Гэта абсалютна рынкавая сітуацыя».

Як ні дзіўна, але дзеянні Міністэрства гандлю супярэчаць словам Аляксандра Лукашэнкі, які нарэшце прызнаў неэфектыўнасць дзяржаўнага цэнаўтварэння.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Паглядаем на кошты. Іх таксама – кошты – нельга трымаць у сувязі з курсам. Калі пачнем трымаць – сыдуць тавары з рынку. Асабліва па імпарце».

Падобная сітуацыя была на закаце Савецкага Саюзу.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

«Калі рэгуляваць такім шляхам, то імпарцёры проста перастануць вазіць тавар. Узнікнуць дэфіцыты, узнікнуць чорныя пастаўкі з-за мяжы, нелегальныя. І гэта будзе павялічваць сацыяльную напружанасць у грамадстве».

Што гэта такое, сёння ведаюць венесуэльцы. Кіраўнік Баліварыянскай Рэспублікі загадаў бізнесу працаваць сабе ў мінус, каб беднае насельніцтва – ягоны асноўны электарат – магло сабе ўсё купіць. Цяпер у Венесуэле дэфіцыт туалетнай паперы, падгузкаў ды ўсяго на свеце. Квітнее чорны рынак, а на вуліцах ідуць сутычкі з-за тавараў спажывання.

Аляксандр Лукашэнка абяцае не паўтараць усіх памылак Нікаляса Мадуры, у тым ліку не стрымліваць штучна курс рубля.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Мяне трэсла, калі я бачыў змены гэтых курсаў валютаў ды іншага. Сёння мяне хвалюе больш іншае – утрымацца бы».

Дык няўжо ў Міністэрстве гандлю не хочуць, каб Лукашэнка ўтрымаўся?

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў