Зборная Беларусі ў знак салідарнасці з Расеяй на адкрыцці Паралімпіяды панясе сцягі суседкі


Гэткае рашэнне прыняў старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель.

«Я як кіраўнік Паралімпійскага камітэту Беларусі не збіраюся маўчаць ні тут, ні ў Бразіліі. Я нават даручыў узяць на адкрыццё Гульняў у Рыа беларускія і, адназначна, расейскія сцягі. У мяне яны дакладна там будуць.

Першае адчуванне ад рашэнне CAS? Шок! Я хачу сказаць, што самы няправільны крок за ўсю гісторыю паралімпійскага руху. А тое, што інвалідаў ставяць у раздзел палітыкі, – гэта наагул блюзнерства.

Чаму ніхто не называе прозвішчы ўладальнікаў гэтых спроб з допінгам? Ёсць інфармацыя, што гэтыя спробы з зімовых відаў спорту. Тады прычым тут летнія? Назавіце прозвішчы і дыскваліфікуйце іх…», – сказаў Шэпель.

Кіраўнік Міжнароднага Паралімпійскага камітэта (IPC) Філіп Крэйвен 7 жніўня паведаміў, што камітэт прыняў аднагалоснае рашэнне адхіліць расейскіх паралімпійцаў ад Гульняў-2016 і пазбавіць Расею членства Паралімпійскага камітэту. Такое рашэнне прынялі пасля публікацыі дакладу незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА) аб сістэматычным ужыванні допінгу ў расейскім спорце. ПКР падаў апеляцыю ў CAS, яе адхілілі. 23 жніўня CAS прадставіў сваё рашэнне.

Паралімпійскія гульні 2016 года пройдуць у Рыа-дэ-Жанейра з 7 па 18 верасня. На іх разыграюць 528 камплектаў узнагародаў у 22 відах спорту.

ДР belsat.eu паводле by.tribuna.com, meduza.io

Стужка навінаў