За тыдзень «Актобэрфэст» наведалі 3 млн чалавек


Наведвальнасць легендарнага піўнога фестывалю ўпала.

На думку намесніка мэра баварскай сталіцы Ёзэфа Шміта, гэта звязана з «няўпэўненай» актыўнасцю гасцей з суседніх краінаў. Але ў Мюнхене спадзяюцца, што статыстыка выправіцца да канца тыдня, калі заканчваецца «Актобэрфэст».

Што тычацца коштаў на піва, то за адзін літр напою прыйдзецца заплаціць нават крыху больш за 10 еўраў. Пра гэта піша «The Washington Post». Цікава, што 30 гадоў таму піва на «Актобэрфэсце» каштавала танней у тры разы: 3,1 еўра за літр.

Яшчэ адна сёлетняя тэндэнцыя: губляецца цікаўнасць да традыцыйнай ежы, прадстаўленай на фестывалі. Арганізатары кажуць, што за першы тыдзень з’елі 55 валоў і 22 цялятаў (60 валоў і 27 цялятаў за такі ж час год таму). Адно з тлумачэнняў: госці сталі часцей замаўляць вегетарыянскія стравы.

Асаблівую атмасферу сёлетняму «Актобэрфэсту» дадала хваля ўцекачоў, што прыбылі ў Нямеччыну апошнім часам, у прыватнасці ў Мюнхен. Некаторыя немцы хваляваліся, што, напрыклад, на цэнтральным чыгуначным вакзале могуць узнікнуць канфлікты з уцекачамі і аматарамі піва. Але паліцыя не зарэгістравала ніводнага такога канфлікту, хаця цягнікі з уцекачамі на ўсялякі выпадак перанакіравалі на іншыя вакзалы Мюнхену.

НМ, belsat.eu, паводле Deutsche Welle

Стужка навінаў