«А за х**ло адкажаш!»


УЕФА ацэніць паводзіны беларускіх і ўкраінскіх фанатаў падчас матчу 9 кастрычніка. Беларуская федэрацыя футболу санкцый асабліва не баіцца: «можа дадуць мінімальны штраф».

Кара за палітыку

У Беларускай федэрацыі футболу абвяргаюць паведамленні медыяў аб тым, што УЕФА завяла дысцыплінарную справу праз паводзіны фанатаў на матчы Беларусь-Украіна ў Барысаве.

«Так, сапраўды будзе пасяджэнне камітэту па гэтым пытанні, але пра справу казаць няслушна. Гэта звычайная практыка ў такіх выпадках – УЕФА паслядоўна супраць таго, каб палітыка мяшалася з футбола, – паведамілі «Белсату» у прэс-службе БФФ. – Пэўна будзе нейкі мінімальны штраф, наўрацці наступствы будуць больш сурёзныя».

У БФФ таксама абвяргаюць, што УЕФА мае прэтэнзіі да ўзроўню бяспекі падчас матчу: «Можа і былі нейкія адзінкавыя выпадкі, але нічога сурёзнага, матч прайшоў спакойна».

«За апошнія гады тры гэта быў найлепшы матч нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе, – гаворыць Аляксандр Івулін з парталу goals.by, – Футбол мае дарыць пазітыўныя эмоцыі, і акурат тады так і было. Можа быць кагосьці і пакрыўдзіла палітычная крычалка пра Пуціна, але на маю думку, кагосьці караць за гэта не варта».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Падвойныя стандарты» УЕФА ці бязмежжа фанатаў?

Пакаранне пагражае і Украінскай федэрацыі футболу. УЕФА мае прэтэнзіі не толькі па гульні Беларусь-Украіна, але і па матчы Украіна-Македонія, што адбывалася ў Львове. Фанаты, паводле футбольных чыноўнікаў, выкрыквалі палітычныя лозунгі ды выкарыстоўвалі піратэхніку.

Дырэктар «Львоў-Арэны» заяўляе, што падчас гульні на фанацкім сектары выбухнулі 10 шумавых петардаў, запалілі фаеры, хуліганы асляплялі футбалістаў лазернымі ўказкамі. «А на дэсерт – кінулі шумавую гранату на поле, якая ўзарвалася ў 5 метрах ад галкіпера ды прывяла да спынення матчу на тры хвіліны», – паведаміў Дзяніс Рынскі.

Львоўскія ўльтрас з арганізацыі «Завжди вірні» заяўляюць, што чыноўнікі УЕФА перадузята ставяцца да Украіны, а дырэктар Львоў-арэны проста схлусіў. «Ну якая гэта граната? Усе цудоўна ведаюць, які ад іх эфект – бачылі на Майдане. Гэта былі звычайныя петарды, фаеры, якія выкарыстоўваюцца на кожным матчы. Трэба ўжо даўно зразумець, што УЕФА выкарыстоўвае падвойныя стандарты. Некаторым заўзятарам даруюць тое, за што іншых адразу штрафуюць і дыскваліфікуюць стадыёны», – цытуе sport.lb.ua Тараса Пылыва з «Завжди вірні».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў