Ярмошына на пахаванні Лазавіка: «Ён быў душой Цэнтрвыбаркаму»


Так акрэсліла былога сакратара ЦВК Лідзія Ярмошына падчас пахавальнай цырымоніі на Паўночных могілках пад Менскам.

На пахаванні Мікалая Лазавіка прысутнічала таксама міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

«Мікалай Іванавіч быў чалавекам вельмі адкрытым. І для сродкаў масавай інфармацыі гэта быў скарбніца інфармацыі з першых вуснаў, інфармацыі сумленнай, інфармацыі, якая заўсёды была для журналістаў патрэбная», – сказала Ананіч.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч назваў Лазавіка «выдатным чалавекам»:

«Ні адна сурʼёзная праца, ні адна выбарчая кампанія, пакуль ён быў жывы і складаўся ў Цэнтральнай камісіі, не праходзіла без яго актыўнага ўдзелу», – цытуюць чыноўніка «Беларускія навіны».

Мікалай Лазавік памёр 5 лістапада пасля цяжкай хваробы на 66-м годзе жыцця.

Лазавік займаў пасаду сакратара ЦВК з 2000 года. З 2006 года па 2015-ы быў у спісе асобаў, якім быў забаронены ўезд у Еўразвяз у межах санкцыяў.

Ад пасады сакратара Цэнтрвыбаркама Лукашэнка вызваліў яго 17 кастрычніка.

Лазавік нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Невіняны ў Вялейскім раёне. У 1972 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, у 1993-м – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2000-м – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, у 2003 годзе – аспірантуру пры Акадэміі кіравання. Кандыдат эканамічных навук.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га склікання, уваходзіў у камісію па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні. У 1996 годзе паставіў подпіс за імпічмент Аляксандра Лукашэнкі, але затым адклікаў свой подпіс і пасля канстытуцыйнага рэферэндуму аб пашырэнні паўнамоцтваў прэзідэнта перайшоў у Палату прадстаўнікоў першага склікання.

ДД

Глядзі таксама
Каментары