Януковіч назваў словы Пуціна «палітычным шоу»


Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч назваў «элементам палітычнага шоу» словы расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пра тое, што Украіна – гэта наагул не дзяржава.

«Гэта элементы, ведаеце, такога, палітычнага, як кажуць, шоу», – сказаў Януковіч у эксклюзіўным інтэрвю Бі-Бі-Сі, што стала першым выпадкам зносінаў экс-прэзідэнта з заходнімі медыямі з моманту адхілення ад улады.

Экс-кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што рэальныя дыпламатычныя адносіны паміж краінамі падчас ягонага праўлення падтрымлівалі так, каб пазбегнуць канфліктаў. Цяперашняе астуджэнне адносін паміж краінамі спадар Януковіч назваў вялікай памылкай Кіева.

«Не аддаваў загаду страляць»

Януковіч сказаў, што ніколі не аддаваў загаду адкрываць агонь па ўдзельніках Майдану, але прыклаў недастаткова намаганняў для таго, каб спыніць кровапраліцце:

«Я быў праціўнікам, катэгарычным праціўнікам, кровапраліцця. Я лічыў, што ніякая ўлада не варта кроплі крыві людзей. Таму я быў супраць таго, каб пралілася кроў ва Украіне. І я зрабіў усё, каб ва Украіне не было вайны».

Пры гэтым ён усклаў адказнасць за кровапраліцце на «радыкальныя элементы» прыхільнікаў Майдану: «Сёння, калі прайшло столькі часу – ужо паўтара года – сёння ўкраінцы зразумелі, што ў гэтых расстрэлах не зацікаўленая былі ўлады і прэзідэнт, а зацікаўлены былі тыя… радыкалы тыя, я б сказаў, злачынцы, якія вырашылі гэткім шляхам захапіць уладу».

Па словах Віктара Януковіча, дзейсныя ўкраінскія ўлады не расследуюць падзеі на Майдане.

«Я супраць кровапраліцця, я пра гэта ўвесь час казаў. Але працаўнікі праваахоўных органаў выконвалі свае абавязкі ў адпаведнасці з дзейснымі законамі, таму яны мелі права на выкарыстанне зброі ў тых выпадках, калі гэта прадугледжана законам », – сказаў былы кіраўнік Украіны.

«Канфлікт ва Украіне – генацыд насельніцтва Данбасу»

Звергнуты прэзідэнт назваў вайну на Данбасе кашмарам, які стаў рэальнасцю. А анексія Крыму Расеяй, па яго словах, – гэта трагедыя, якой бы не адбылося, калі б ён быў прэзідэнтам.

Ён лічыць перспектыву вяртання Крыму Украіне не надта рэалістычнай: «І людзі, галоўнае, крымскі народ, 90% насельніцтва прагаласавалі за выхад з Украіны. Я лічу, што гэта вельмі дрэнна. Але гэта вынік таго, што зрабіў Майдан. Гэта следства таго радыкальнага нацыяналістычнага руху, што напалохаў насельніцтва, якое традыцыйна было прарасейскім».

Віктар Януковіч таксама выказаўся адносна таго, што цяпер адбываецца на ўсходзе Украіны: «Наагул, я лічу, што ўсё, што зараз адбываецца на Данбасе, гэта генацыд. Генацыд насельніцтва Данбасу».

«Данбас мусіць заставацца ва Украіне»

Пры гэтым ён выказаў упэўненасць у тым, што Данбас, значную частку тэрыторыі якога кантралююць узброеныя прыхільнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР, мусіць заставацца ў складзе Украіны.

Паводле Януковіча, у шыкоўнай рэзідэнцыі Межыгоре яму належаў толькі дом, рэшта, уключна з заапаркам, – не яго.

«Рэзідэнцыя і заапарк – не мае, страусы там проста жылі»

Віктар Януковіч таксама запэўнівае, што размешчаны на тэрыторыі рэзідэнцыі заапарк, у тым ліку са страусамі, яму не належаў, ён толькі «падтрымліваў гэтых страусаў», якія «проста жылі там». У заапарку ж Януковіч, як прызнаўся, быў толькі два разы ў год.

Былы прэзідэнт адзначыў, што цяпер большую частку часу праводзіць у Растове, але вымушаны перасоўвацца па Расеі, яго пастаянна суправаджае ахова: «Па-ранейшаму небяспека або пагроза майго жыцця з’яўляецца актуальнай, таму меры бяспекі прымаюцца разнастайныя, і я вымушаны жыць у такіх умовах».

Ён выказаў надзею, што калі-небудзь зможа вярнуцца на радзіму.

Віктара Януковіча адхілілі ад улады ў лютым 2014 года на фоне шматмесячнага супрацьстаяння з апазіцыяй, якое закончылася гібеллю больш за 100 чалавек. Пасля таго былы кіраўнік Украіны збег у Расею. Яго і ягонае атачэння шукае Інтэрпол.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў