Як выжываюць бяздомнікі падчас замаразкаў?


20-градусны мароз – сапраўднае выпрабаванне шмат для каго. Паводле звестак Цэнтру экстраннай медычнай дапамогі, за апошнія содні ў Беларусі ад абмаражэння загінулі прынамсі 7 чалавек. У першую чаргу ў гэтай сітуацыі пакутуюць людзі без жытла. Ужо 4-ы год на дапамогу найбольш безабаронным катэгорыям грамадзянаў у маразы прыходзіць Чырвоны Крыж.

«Кожную зіму мы аказваем дапамогу 4-5 тысячам чалавек. Гэта дапамога, якой патрабуюць і аўтамабілісты, і бяздомнікі, якія атрымліваюць ад нас гарачыя напоі ды харчаванне, медычную першасную дапамогу», – зазначае Дзмітрый Русакоў, Чырвоны Крыж.

Між тым нават у лютыя халады людзі без сталага месца жыхарства мусяць здабываць сродкі на жыццё. І гэта, як правіла, менавіта вулічная праца. Магілёўскія бесхацінцы Сяржук і Ганна, каб неяк пратрываць, збіраюць другасную сыравіну.

«І дворнікам дапамагаем, і сабе на хлеб, таму што зараз жа ў нас з працай вельмі цяжка, зараз нават дворнікам паспрабуй уладкавацца», – дзеліцца бяздомнік Сяржук Багацін, Магілёў.

Тым не менш, праца «дворніка-фрылансэра» пры старанным падыходзе нават больш прыбытковая. За кілаграм медзі ў пунктах прыёму даюць 60 тысяч рублёў, алюміній варты 10-ці тысячаў. А вось афіцыйнае працаўладкаванне, як ні дзіўна, – значна менш надзейная крыніца прыбытку. Сваім досведам зарабляння на ферме «Арніка» з намі падзялілася Ганна.

«Паабяцалі два з паловаю мільёны, мільён 320 атрымала за поўны месяц працы», – распавядае сп.Ганна.

Таму трымацца за такія ненадзейныя месцы бесхацінцы не бачаць сэнсу. Сацыёлагі адзначаюць, што адэкватнай сістэмы сацыялізацыі маргінальных слаёў грамадзянаў у нашай краіне няма.

«Падтрымка людзей, якія выключаныя з сістэмы амаль няма. Без прапіскі ды іншых фармальных дакументаў у нас немагчыма атрымліваць аніякай дапамогі», – падсумоўвае Алена Арцёменка, сацыёлаг, аналітык BISS.

Сацыёлаг звяртае ўвагу на тое, што бесхацінцы трапляюць у гэтак званыя «пасткі беднасці», калі штодзённыя пошукі сродкаў існавання не даюць ані часу, ані магчымасцяў на атрыманне кваліфікацыі ды ўрэшце вызвалення з гэтага стылю жыцця. А ў -20, калі ўсе думкі пра тое, як бы сагрэцца, гэта і ўвогуле робіцца нерэальным.

Таццяна Рэут, Белсат

Стужка навінаў