Як у Тонежы калядавалі, пра казу спявалі (Фотарэпартаж)


Вёска Тонеж Лельчыцкага раёну схаваная на поўдні беларускага Палесся сярод лясоў і балот. Селішча мае багатую, доўгую і шматпакутную гісторыю. Жыхары вёскі дагэтуль спяваюць ды спраўляюць абрады гэтаксама, як і іхныя продкі сотні гадоў таму.

Пра традыцыйны побыт, святы і звычаі тонежцаў знятыя шматлікія фільмы, рэпартажы, напісаныя артыкулы. На самабытны абрад гукання вясны, які называюць тут «Чырачка», у Тонеж з кожным годам прыязджае ўсё больш беларусаў і замежнікаў. Жыхары селішча не меш весела адзначаюць калядныя святы з унікальнымі мясцовымі песнямі ды каляднаю зоркаю. На Каляды па Тонежы водзяць Казу, маска якой традыцыйная для ўсяго тураўскага Палесся. Калі паторгаць за вяровачку, прывязаную да маскі, то Каза можа нават разяўляць рот.

Гаспадары спяшаюцца адарыць казу па традыцыі збожжам, каўбасой і салам, што мае прынесці на лета багаты ўраджай, дабрабыт, поспех і шчасце ў хату.

Хоць шмат якія тонежцы, на жаль, ужо не падтрымліваюць святкавання Калядаў і часта гасяць святло, калі да іх дамоў набліжаюцца калядоўнікі, удзельнікі ансамбля «Таняжанка» з Казой, мехоношам і цыганкамі штогод вечарам 8-га студзеня наведваюць дамы тых гаспадароў, якія ім па-сапраўднаму рады.

Вясковыя калядоўнікі стараюцца не старэць душой і, хоць некаторыя ўжо ў сталым веку, як і ў маладосці з імпэтам танцуюць, спяваюць ды не забываюць пакачаць адно аднаго ў калядным снезе, як некалі рабілі іх дзядулі ды бабулі.

Калядныя песні ў арыгінальным выкананні тонежцаў заваявалі папулярнасць сярод прыхільнікаў беларускага фальклору не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Да прыкладу, Каляды сустракаюць у Тонежы з гэткаю песняю:

Ого-го, коза, жэ ого-го, сера,

Не ходзі, коза, жэ ў чыстае поле.

У чыстом у полі жэ там жыто росце.

Дзе коза ходзіць – там жыта родзіць,

Дзе коза туп-туп – там жыта сем куп,

Дзе коза рогом – там жыта стогом.

Ого-го, коза жэ, ого-го, сера,

Не ходзі, коза, жэ й ўкругом села.

Й укругом села жэ гарныя стральцы

Радзяцца ісці жэ козачку ўбіці,

Козачку ўбіці жэ, шкурку блупіці,

Шкурку блупіці жэ, шубку пошыці.

Ого-го, коза, ого-го, сера,

Поклонісь, коза, хозяіну ў ногі,

Шчэй гаспадыні, шчоб адорылі.

АС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары