Як у Менску сустрэлі прызёрку Алімпіяды Аляксандру


З аркестрам, кветкамі ды транспарантамі ў менскім аэрапорце сустракалі бронзавую алімпійскую чэмпіёнку, плыўчыху Аляксандру Герасіменю.

«Я дагэтуль не ўсвядоміла, што ў мяне ёсць такая цудоўная рэч – медаль. І я хіба пакуль пад уражаннямі сустрэчы», – дзялілася эмоцыямі Аляксандра Герасіменя.

Гэта другая паспяховая Алімпіяда для 30-гадовай плыўчыхі. Чатыры гады таму ў Лондане ў Аляксандры было срэбра.

«Калі на мінулай Алімпіядзе таксама было вельмі прыемна. І я не верыла, што звычайныя людзі могуць такога дасягнуць. А цяпер я проста ўпэўненая, што яна можа. Было вельмі цяжкае чатырохгоддзе, вельмі цяжкае, і я вельмі шчаслівая, што яна яго так завяршыла», – узгадвала Аксана Герасіменя, маці ды трэнер Аляксандры.

З сёлетняй бронзай Аляксандра Герасіменя паказала на 50-ці метрах лепшы вынік, чым раней, – 24,11 секунды, чым усталявала новы рэкорд Беларусі сярод жанчын.

«Характар. Такі характар – чартоўскі патрабавальны да сябе. Такі на мяжы. Я вельмі ёй ганаруся», – сказала першы трэнер чэмпіёнкі Вольга Яскевіч.

Цяпер у беларускай алімпійскай скарбонцы 5 медалёў. Золата – у скоках на батуце, два срэбры ў цяжкай атлетыцы, па адным у жанчын і мужчынаў, і дзве бронзы – у дужанні і плаванні. Але ў кіраўніцтве Беларусі, хоць і адмовіліся ад устаноўкі на абавязковую колькасць медалёў, гэтым прамежкавым вынікам не задаволеныя.

«Некаторыя паказваюць вынікі горшыя, чым да Алімпіяды пры адборы. Пытанне, чаго паехалі?», – абураецца вынікамі спартоўцаў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Заўзятары з непакоем задаюцца пытаннем: «З чым паехалі?», бо гэтая Алімпіяда праходзіць у аўры допінг-скандалаў, у тым ліку з удзелам беларускіх спартоўцаў. Хоць і пасля Рыа, але на цэлы год пра спаборніцтвы давядзецца забыць беларускім цяжкаатлетам. А бронзавыя прызёркі 2012-га года Марына Шкерманкова і Ірына Кулеша могуць страціць свае медалі. Працягваецца праверка допінг-пробаў, і, як заявілі ў Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі, пра дыскваліфікацыю маюць абвесціць пад канец верасня.

Вольга Кляўчэня, «Белсат», фота – sputnik.by

Стужка навінаў