Як рассакрэчваць архівы КДБ? У Менску адчынілася школа пошуку рэпрэсаваных

video

Гісторык Зміцер Дрозд вучыць, як дабівацца праўды ад КДБ.

Архіў КДБ хавае тысячы дакументаў пацярпелых ад сталінскага рэжыму. І хоць мінула шмат гадоў, даведацца праўду пра рэпрэсаваных сваякоў для большасці грамадзянаў не ўяўляецца магчымым нават і сёння.

Прадзеда Яўгена Батуры, старэйшага бухгалтара «Белкамунбанку», расстралялі ў 1938-м у Менску на загад Яжова. У 1962-м – рэабілітавалі.

«Усё, што мне засталося ад дзеда, гэта фотаздымак і дзве паперкі, якія мне ўдалося атрымаць з архіву КДБ і фотаздымак з сямейнага альбому», – кажа Яўген Батура.

Хто данёс на сваяка і за што яго расстралялі? Унук не мае доступу да архіўных звестак, хоць Міністэрства юстыцыі ў 2012-м пастанавіла: праз 75 гадоў пасля прысуду для сваякоў рэпрэсаваных здымаецца грыф сакрэтнасці.

«Само КДБ адмаўляе ў тым, што ёсць гэтая справа, а я звярнуўся ў Нацыянальны архіў, і яны мне пісьмова афіцыйна далі адказ, што справа ёсць, нумар архіўны, шыфр, і справа знаходзіцца ў КДБ», – працягвае Яўген Батура.

Чытайце таксама >>> Гісторык Ігар Кузняцоў: Беларусы не ўбачаць расстрэльных спісаў

Паводле няпоўных падлікаў, ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі сталі 1,5 млн асобаў. Расстраляныя толькі ў Курапатах – не менш за 200 тыс. асобаў. Часта беларусы не ведаюць, з чаго пачынаць пошукі. Гэта натхніла незалежнага гісторыка Змітра Дразда адкрыць «Школу практычнага пошуку рэпрэсаваных».

«Школа практычная. Мы пачынаем з самага пачатку і прыходзім да канчатку – рэабілітацыі. Людзі павінныя прачытаць, азнаёміцца з дакументамі сваіх сваякоў, атрымаць іх, атрымаць ксеракопіі», – распавядае Зміцер Дрозд.

Як запаўняць бланкі, куды дасылаць запыты – навучаюць ужо з першых заняткаў практычнай школы. Найбольш поўную інфармацыю могуць знайсці нашчадкі сасланых ды раскулачаных. А вось унукі расстраляных маюць менш шанцаў.

«Можна шукаць дадатковую інфармацыю, можна знайсці штосьці, але КДБ вельмі свята ахоўвае менавіта імёны катаў, імёны следчых і «стукачоў». Гэта тое, што яны ніколі не адкрыюць», – адзначае Зміцер Дрозд.

Тут патрэбная палітычная воля ўладаў. Напрыклад, ва Украіне адкрылі ўсе архівы. А ў Беларусі Яўген, як і шмат хто іншы, не ведае і дзе расстралялі ягонага дзеда. У сталіцы налічваецца каля 15 месцаў, у якіх сталінскія каты знішчалі людзей. Сімвалічнымі могілкамі сваяка Яўген лічыць беларускі некропаль Курапаты і прыходзіць туды штомесяц, каб ушанаваць памяць бязвінна забітага прадзеда.

Таццяна Уласенка

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары