Гісторык Ігар Кузняцоў: Беларусы не ўбачаць расстрэльных спісаў


Памяць народу ёсць, але ці ёсць памяць з боку дзяржавы? У Трасцянцы актывісты, палітыкі ды гісторыкі згадваюць ахвяраў таталітарных рэжымаў. Улады Беларусі аднак па-ранейшаму ігнаруюць гэты сумны дзень для нашае гісторыі.

Трасцянецкае ўрочышча Благоўшчына – сумнавядомае месца не толькі ваенных злачынстваў нямецкіх захопнікаў, але і бальшавіцкіх карнікаў, што расстралялі тут тысячы бязвінных людзей. Сёння, у дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў, на гэтым месцы ўшаноўваюць памяць тых, каго ад імя дзяржавы забівалі савецкія ўлады. Праўда, пакуль ушаноўваюць толькі на неафіцыйным узроўні.

«Беларусь, дарэчы, адзіная краіна былога СССР, дзе няма дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, дзе на дзяржаўным узроўні ніякім чынам не ўшанавана памяць сваіх грамадзянаў, якія загінулі ў гады, як мы кажам, сталінскіх рэпрэсіяў, гэта тая краіна, дзе фактычна выведзены з абароту навуковыя працы па гэтай праблематыцы», – звяртае ўвагу гісторык Ігар Кузняцоў.

Гэта ілюзія, што КДБ адчыніць архівы

Трасцянец нашмат больш вядомы праз нацысцкі лагер смерці, які зʼявіўся тут увосень 1941 года. Але пра тое, што савецкія карнікі расстрэльвалі тут тысячы нашых суайчыннікаў, ні ў часы СССР, ні сёння ўлады згадваць не любяць. Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў у гэтым месцы сталі не менш за 15 тысяч асобаў. Але дакладных лічбаў не ведае ніхто.

«Ілюзія аб тым, што нешта зменіцца, што КДБ адчыніць дзверы ў архівы, а туды ўвойдуць нашыя даследчыкі, а там па паліцах усё ляжыць: справа беларускі катынскі спіс, злева нешта яшчэ, што, маўляў, скажуць, не было каманды нам гэтага вам паказваць… Не будзе гэтага ўжо», – упэўнены гісторык Ігар Кузняцоў.

Доўгі час на гэтым месцы існавала гарадская звалка. Яе закрылі, але сам праход да месца масавых расстрэлаў завалены. Цяпер актывісты спрабуюць упарадкаваць гэтую дарогу ды дамагаюцца, каб урочышча ўрэшце пераўтварылася ў мемарыял народнай памяці.

«Тое, што ўрочышча Благоўшчына і Трасцянец не ёсць мемарыялам з размахам Берасця альбо Хатыні, прычына гэтага толькі адна – гэта спроба сталіністаў і нашчадкаў сталіністаў схаваць тое зло, якое яны здзейснілі супраць беларускага народу», – мяркуе Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Паводле гісторыка Кузняцова, толькі ў ваколіцах Менску налічваецца 14 падобных урочышчаў, дзе НКВД праводзіў масавыя расстрэлы грамадзянаў. Агулам жа ў Беларусі існуе больш за сотню месцаў масавых пахаванняў ахвяраў, што бязвінна загінулі ад рук савецкіх катаў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў