Як футбольныя заўзятары трапляюць на чэмпіянат свету праз Беларусь


У Дзяржаўным памежным камітэце распавялі, колькі футбольных заўзятараў уехалі ў Расею праз Беларусь.

«За выходныя дні аформілі 22 арганізаваныя групы заўзятараў. Агулам з моманту дзеяння бязвізавага рэжыму мы прапусцілі больш за 5,4 тыс. заўзятараў праз мяжу, з іх больш за 5,2 тыс. на ўезд у Беларусь і 200 на выезд», – распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэту Антон Бычкоўскі.

Больш за ўсё заўзятараў перасякае мяжу ў Нацыянальным аэрапорце Менск – гэтым шляхам прыбылі 3,4 тыс. чалавек. Далей ідзе чыгунка і пасля аўты.

Міліцыянты суправаджаюць цягнікі

Начальнік упраўлення арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС Генадзь Ворса адзначыў, што беларускі бок супрацоўнічае з расейскай паліцыяй і суправаджае цягнікі міжнароднага спалучэння, адсочвае перамяшчэнні замежнікаў, што едуць з ЕЗ у Расею.

«Ва ўсіх цягніках забяспечваем ахову грамадскага парадку, папярэджваем факты здзяйснення ў цягніках злачынстваў і правапарушэнняў, як з боку замежных грамадзянаў, так і ў дачыненні да іх. За час дзеяння бязвізавага ўезду для заўзятараў ніводнага злачынства або правапарушэння ў адносінах да замежных грамадзянаў не здзейснена, і за аказаннем дапамогі замежнікі не звярталіся«, – адзначыў Генадзь Ворса.

Бязвіз на час чэмпіянату

У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС нагадваюць, што бязвізавым рэжымам на час чэмпіянату свету па футболе замежнікі могуць скарыстацца толькі пры наяўнасці сапраўднага пасведчання асобы, а таксама пашпарта заўзятара – FAN ID. Прычым апошні дакумент можа прад’яўляцца ў арыгінале або ў электроннай форме. Ён дае права шматразовага бязвізавага ўезду ў Беларусь і Расею за 10 дзён да даты правядзення першага матчу чэмпіянату свету і заканчваецца ў дзень апошняга матчу.

Чэмпіянат свету па футболе праходзіць у Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня. Беларусь і Расея 29 траўня падпісалі міжурадавае пагадненне аб пытаннях, звязаных з уездам замежнікаў і асобаў без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы. На час правядзення чэмпіянату свету па футболе для замежных заўзятараў дзейнічае бязвізавы рэжым на тэрыторыі Беларусі (з 4 чэрвеня па 25 ліпеня).

Заходнія палітыкі байкатуюць ЧС у Расеі

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, фотаздымак Artyom Geodakyan/ TASS/ Forum

Стужка навінаў