Як бізнесовец з Берасця змагаецца з уладамі за рэкламны білборд


Уласны бізнес у Беларусі – справа нялёгкая. Кіраўнік краіны лічыць усе патрабаванні прадпрымальнікаў дзеля палягчэння іх дзейнасці шантажом, а мясцовыя ўлады могуць проста задушыць прыватнае прадпрыемства. Прынамсі берасцейскі прыватны прадпрымальнік Мікалай Глушчук, мяркуе, што сутыкнуўся ўласна з апошнім выпадкам.

Уладальнік курерскай фірмы спрабаваў паставіць на ўездзе ў горад два рэкламныя білборды. Нягледзячы на папярэдні дазвол – давялося паставіць толькі адзін. А потым….

МІКАЛАЙ ГЛУШЧУК, ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІК:

«Я своечасова праводзіў аплату за размяшчэнне рэкламы на дадзеным білбордзе. Адпаведна, не згодна з заканадаўствам, райвыканкам Берасцейскага раёну ў аднабаковым парадку дэмантаваў білборд, што з’яўляецца парушэннем правоў прыватнае ўласнасці».

Рэкламу дэмантавалі, зламалі і вывезлі на базу ЖКГ у Чарнаўчыцы. Увогуле, білбордаў мелася быць два, але першы, паводле прадпрымальніка – проста перадалі іншай фірме. Ён называе сітуацыю – звычайным рэйдэрскім захопам і звяртаецца ў пракуратуру.

РАМАН ГЛУШЧУК, ЮРЫСТ, СЫН МІКАЛАЯ ГЛУШЧУКА:

«Для дачы тлумачэнняў выклікаюць супрацоўнікаў «Берасцеаўтадору». Пасля чаго адзін з іх у нефармальнай форме сказаў майму бацьку: маўляў, нас цягалі па пракуратурах, цяпер трымайся, адказваць будзеш ты».

Справа пра перадачу аднаго з рэкламных шчытоў працягваецца – прадпрымальнік звяртаўся нават у Адміністрацыю прэзідэнта, але ў Берасцейскім райвыканкаме распавядаюць іншую версію. Паводле чыноўнікаў, білборд быў няправільна ўсталяваны з самога пачатку і згодна з дамовай, калі ўладальнік не выправіць сітуацыю, яго могуць дэмантаваць. Чыноўнікі зняпраўджваюць, што не паведамлялі пра гэта прадпрымальніку.

ВІТАЛЬ БЕЛІНСКІ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ БЕРАСЦЕЙСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ:

«Яму ішло прадпісанне, калі быў вецер там… 13, здаецца, траўня. Таксама – паваліла там, і яму далі прадпісанне на рукі і сказалі: устанавіць згодна з тэхнічнымі патрабаваннямі і згодна з пашпартам. Яму ж быў выдадзены пашпарт на гэтае месца. Ён гэтага не зрабіў ды зноў паставіў на тое ж месца».

У райвыканкаме заяўляюць, што калі б падчас моцнага ветру, білборд зваліўся зноў, то мог бы трапіць на ходнік. Спрэчка паміж чыноўнікам і прадпрымальнікам працягваецца ўжо год. Аднак здавацца абодва Глушчукі не збіраюцца. Хоць не вераць у перамогу, але збіраюцца бараніць сваё дзеля прынцыпу.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў