«Місіс Беларусь» падманула ўвесь свет?


Найпрыгажэйшая замужняя жанчына свету, якая нібыта прадстаўляла Беларусь на конкурсе прыгажосці “Місіс Свету”, аказалася з Томску і даўно жыве ў ЗША.

Пераможцай конкурсу «Місіс свету», які адбыўся ў амерыканскім штаце Мэрылэнд, стала нібыта ўдзельніца з Беларусі Марына Аляксейчык. Прыгажуні 31 год, замуж яна выйшла 4 гады таму і мае малога сына. Цяпер Марына працуе вядоўцай на тэлебачанні ды выступае на сцэне ў якасці спявачкі, падае сайт ctv.by.

Гучная перамога ўжо выклікала скандал. «Комсомольская правда в Беларуси» піша, што жанчына зусім не з Беларусі, а з расейскага Томску. І яна даўно жыве ў ЗША.

Вера Алмаева, кіраўнік прадзюсарскага цэнтру «АРС-Альянс» ў Томску распавяла выданню, што Марына была некалі ейнай выхаванкай: «Яна ў Томску не з’яўлялася ўжо больш за 10 гадоў. Жыла ў Маскве, а потым, наколькі я ведаю, перабралася ў Нью-Ёрк. Я сама спрабую яе адшукаць зараз, каб пагутарыць. Якое мае дачыненне да Беларусі? Наколькі я ведаю, у яе бацькі – беларусы».

Ні канал АНТ, ні Нацыянальная школа прыгажосці не высылалі спадарыню Аляксейчык на конкурс у ЗША. Тытул «Місіс Беларусь» носіць іншая жанчына.

«Беларусь цяпер згадваюць ва ўсіх сусветных медыях у сувязі з гэтым конкурсам – і дзякуй Богу!», – адзначыла кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжаліна Мікульская.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Другое месца ў конкурсе прыгажосці заняла прадстаўніца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, трэцяе месца – у перуанкі.

У конкурсе «Місіс свету», які адбываецца з 1985 года, бяруць удзел замужнія маладыя жанчыны. Як правіла, яны маюць дзяцей, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці сваёй краіна, а таксама займаюцца дабрачыннасцю.

Галоўная задача імпрэзы паводле арганізатараў – прапаганда сямейных каштоўнасцяў, ідэалаў міру, дабра і прыгажосці. У гэтым годзе за права называцца самай прыгожай жанчынай свету змагаліся 35 прыгажунь.

Была на конкурсе і прадстаўніца Украіны – 42-гадовая Наталля Паяркава. «Місіс Севастопаль» была на конкурсе разам з «місіс Расея». Прадстаўніца Севастопалю апранула копію сукенкі царыцы Кацярыны ІІ, якая далучыла Крым да Расейскай імперыі ў 1783 годзе.

МЯ, belsat.eu, паводле ctv.by, podrobnosti.ua, lenta.ru

Стужка навінаў