Выведка ЗША: Беларусь будзе выступаць супраць расейскіх баз на сваёй тэрыторыі


Беларускія ўлады будуць захоўваць шчыльнае супрацоўніцтва з Масквой у сферы бяспекі, аднак з вялікай верагоднасцю працягнуць супраціўляцца ўсталяванню расейскіх вайсковых баз на тэрыторыі краіны, гаворыцца ў афіцыйным дакладзе амерыканскай выведвальнай супольнасці.

Такім чынам аналітыкі амерыканскай выведкі выказваюць сваё меркаванне і наконт адноснай самастойнасці дзеянняў беларускіх уладаў, і паказваюць невысокі ўзровень занепакоенасці магчымымі наступствамі вучэнняў «Захад-2017». Раней некаторыя беларускія і ўкраінскія назіральнікі выказвалі занепакоенасць маштабным прыбыццём расейскіх войск у Беларусь і пагрозамі ад гэтага для Беларусі і Украіны.

Расейскія жаўнеры ў форме без апазнавальных знакаў у Крыме падчас анексіі

Даклад «Сусветная ацэнка пагрозаў разведвальнай супольнасцю ЗША» быў апублікаваны ў траўні і суміруе назіранні ўсіх 16 вайсковых і цывільных спецыяльных службаў, якія займаюцца зборам інфармацыі. Дакумент апублікаваны за подпісам дырэктара Нацыянальнай разведкі Дэніэла Коатса.

Незадаволенасць насельніцтва

Амерыканская выведка адзначае рост народнай незадаволенасці ў Беларусі, маючы на ўвазе, відавочна, вясновыя акцыі пратэсту, нагодай для якіх стаў сумнавядомы дэкрэт №3 «аб дармаедах». На мірныя дэманстрацыі ўлады традыцыйна адказалі відавочным, масавым і празмерным ужываннем гвалту 25 сакавіка, а потым і разгортваннем у лепшых сталінскіх традыцыях фэйкавай «справы патрыётаў», якая прывяла да зʼяўлення новых палітзняволеных.

Акцыя пратэсту 25 сакавіка 2017 года

Ужываныя ў дакуменце выразы сведчаць пра тое, што амерыканскія спецслужбы дэманструюць веру ў жаданне беларускага ўраду мець пазітыўныя адносіны з Захадам, аднак залішне грубыя метады Менску несумяшчальныя з іміджам добрага партнёра.

«Рост незадаволенасці насельніцтва ў Беларусі, верагодна, будзе замінаць спробам ураду захаваць палепшаныя стасункі са Злучанымі Штатамі і Еўразвязам», – адзначаецца ў дакладзе.

Расейскі і ўкраінскі фактары

Амерыканскія аналітыкі адзначаюць, што вонкавапалітычнай мэтай беларускіх уладаў будзе захаванне пэўнай свабоды ад Масквы ў дыпламатычных манеўрах, пры гэтым палітыка самой Масквы можа стаць больш агрэсіўнай.

«У 2017 годзе Расея, верагодна, стане больш самаўпэўненай у вонкавай палітыцы, больш непрадказальнай у сваім падыходзе да Злучаных Штатаў і больш аўтарытарнай у падыходзе да ўнутранай палітыкі. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін можа пайсці на аднабаковыя дзеянні, мэтай якіх будзе ўмацаванне статусу Расеі як вялікай дзяржавы», – гаворыцца ў дакладзе.

Захоплены ў палон украінскімі войскамі расейскі баявік на ўсходзе Украіны

Масква працягне змаганне за тое, каб дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў на Украіне – то бок захаваць ці аднавіць свой уплыў на ўкраінскую вонкавую і ўнутраную палітыку і не дапусціць паспяховай інтэграцыі Украіны ў заходнія структуры. У тым ліку Масква будзе выкарыстоўваць падкантрольныя сабе «арміі ДНР і ЛНР» і падрываць эканоміку Украіны.

Таксама Расея будзе палітычна і фінансава падтрымліваць экстрэмістаў усіх гатункаў у Еўропе і захавае ці ўзмоцніць свае прапагандысцкія аперацыі, скіраваныя супраць Еўразвязу і суседзяў Расеі.

Часовая перадышка?

Што датычыцца расейскай эканомікі, ад якой у значнай ступені залежыць зараз і стан эканомікі Беларусі, то, па меркаванні выведніцкай супольнасці ЗША, «Расея можа выйсці з двухгадовай рэцэсіі ў 2017 годзе, аднак перспектывы сурʼёзнага росту слабыя». У 2017 годзе ВУП РФ можа вырасці на 1,3%, а ў 2018 годзе – на 1,7%.

Каля 45% беларускага экспарту ідзе ў Расею. Такім чынам і беларуская эканоміка мае магчымасць атрымаць пэўную падтрымку за кошт падвышэння расейскага попыту на беларускія тавары – малочныя прадукты, мясныя вырабы, тэхніку, трыкатаж.

З гэтага можна зрабіць вывад, што амерыканская выведка не выключае, што ва ўмовах адсутнасці рэформаў у Беларусі эканамічная сітуацыя можа прымусіць нашых урадоўцаў ісці на пэўныя саступкі для захавання адносна вольнага доступу беларускіх тавараў у РФ, каб скарыстацца часовым расейскім «адскокам».

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары