Віцебскаму трамваю – 120 гадоў


Стары трамвай. Фота – Андрэй Дзмітрыеў

30 чэрвеня віцебскаму трамваю спаўняецца 120 гадоў. Прыгадваем цікавыя факты з гісторыі найстарэйшага электрычнага транспарту краіны.

У дадзены момант толькі ў чатырох гарадах Беларусі дзейнічае трамвай: у Віцебску, Менску, Наваполацку ды Мазыры. У апошніх двух гарадскі рэйкавы транспарт з’явіўся ў канцы ХХ стагоддзя і не вылучаецца ані шырынёй сеткі, ані колькасцю маршрутаў. Менскі трамвай узнік за савецкім часам, замяніўшы сабой састарэлую конку. На гэтым фоне Віцебскі трамвай вылучаецца як сваёй даўняй гісторыяй, гэтак і сучаснасцю.

Трамвай абавязаны віцебскаму рэльефу

Задума пабудаваць трамвай у Віцебску з’явілася яшчэ 1895 годзе, калі 10 ліпеня ганаровы грамадзянін гораду Кіева Фельдзер падаў у Віцебскую гарадскую ўправу заяву з просьбай даць яму канцэсію на будаўніцтва і эксплуатацыю «конна-электрычнай чыгункі». З падобнымі прапановамі да мясцовай улады пазней звярнуліся таксама грамадзянін Францыі Фернан Гільён і прадстаўнік Бельгійскага таварыства ў Бруселі Пётр Вільмен.

15 лістапада 1895 года ў Віцебскай гарадской думе адбылося паседжанне, на якім разглядалася пытанне пра арганізацыю ў горадзе трамвайнага руху. Пасля абмеркавання трох заяваў, было праведзена закрытае галасаванне. Перамог праект француза Фернана Гільёна, які атрымаў 23 з 24 галасоў удзельнікаў паседжання.

4 лютага 1896 года Віцебская ўправа падпісала з Гільёнам дамову на будаўніцтва «электрычнай чыгункі».

Будаўніцтва трамвайных лініяў распачалося ў верасні 1897 года і завяршылася ў чэрвені 1898 года. Агульная працягласць палатна склала 6076,8 метра. Сваіх трамваяў у краіне ў той час яшчэ не выраблялі, таму іх давялося дастаўляць з-за мяжы. Для гораду закупілі 18 маторных вагонаў з двума рухавікамі па 18 кВт кожны і 15 летніх прычапных вагонаў.

Урачысты запуск першага трамваю адбыўся 30 чэрвеня (18 чэрвеня паводле старога стылю) 1898 года.

Віцебскі трамвай стаў пятым у тагачаснай Расейскай імперыі і першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Паказальна, што трамвай у Віцебску з’явіўся раней, чым у Маскве і Санкт-Пецярбургу, у якіх гэта адбылося ў 1899 і 1907 гадах адпаведна. У Менску ж электрычны трамвай запусцілі толькі ў 1929 годзе. Прычына прагрэсу ў Віцебску даволі празаічная: мясцовы рэльеф не дазваляў выкарыстоўваць конку, якая доўгі час замяняла трамвай у іншых гарадах.

Першая электрастанцыя ў горадзе

Будаўніцтва трамвая ў Віцебску патрабавала і развіцця інфраструктуры. Для прыкладу, менавіта пад трамвай быў мадэрнізаваны мост праз Віцьбу (цяпер – Кастрычніцкі). Стары мост быў не ў стане вытрымаць нагрузку новага транспарту, таму побач з ім пабудавалі асобную паласу для трамваяў.

Новы транспарт не мог абысціся і без электрычнасці, таму адмыслова пад яго была пабудавана першая ў горадзе электрастанцыя, якая размясцілася на Задунаўскай вуліцы (цяпер праспект Фрунзэ).

Цэнтральная электрастанцыя працавала на нафце і дровах, і мела магутнасць 425 кВт. Яна з’яўлялася асноўнай крыніцай электраэнергіі ў горадзе ажно да 1930 года, пакуль не пабудавалі БелГРЭС у Арэхаўску.

Будынак колішняй электрастанцыі захаваўся да нашага часу, цяпер у ім размяшчаюцца літаратурны музей і музей прыватных калекцый.

Самая шырокая трамвайная сетка ў краіне

Нягледзячы на тое, што Віцебск – толькі чацвёрты горад па колькасці насельніцтва ў Беларусі, трамвайная сетка ў ім па-ранейшаму самая вялізная ў краіне. У асобныя гады ў Віцебску налічвалася да 13 трамвайных маршрутаў, у дадзены момант дзейнічаюць 9 пастаянных маршрутаў агульнай працягласцю ў 212,7 км, а даўжыня кантактнай сеткі складае 75 км.

Штодня на вуліцы гораду выходзіць амаль 70 вагонаў, якія рухаюцца з сярэдняй хуткасцю 15,9 км/г. Трамвайныя пуці на 90 % праходзяць па адасобленым палатне, што і спрыяе вялікай хуткасці транспарту.

Самы працяглы гарадскі маршрут – № 1. Абаротны рэйс складае 33,6 км і займае амаль дзве з паловай гадзіны. Для параўнання, адлегласць паміж Віцебскам і суседнім райцэнтрам Гарадком усяго 37 км.

Трамвай як турыстычны аб’ект

У 1966 года ў Віцебску адкрыўся музей, прысвечаны гісторыі мясцовага трамваю – ён месціцца ў адміністрацыйным будынку трамвайнага дэпо па 5-й вуліцы Фрунзе. У 2002 годзе атрымаў званне «Народны музей», якое было пацверджана рашэннем Калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе.

Экспазіцыя музею складаецца з 5 частак, якія распавядаюць пра асобныя перыяды развіцця трамвая ў горадзе.

Вагон трамвая серыі Х у Музеі трамвая ў Віцебску. Фота – Сяржук Серабро

Усяго ў музеі знаходзіцца больш за дзве тысячы экспанатаў, якія складаюцца з разнастайных дакументаў, макетаў вагонаў, фотаздымкаў, карцінаў ды схемаў маршрутаў.

У 1998 годзе побач з музеем усталявалі помнік Фёдару Піроцкаму – аднаму з вынаходнікаў электрычнага транспарту.

А да 115-годдзя электратранспарту ў Віцебску ўсталявалі дакладную копію першага трамваю. Старыя вагоны аднаўлялі па фотаздымках і чарцяжах, выкарыстоўваючы арыгінальныя дэталі і матэрыялы.

На фоне вяртання гэткага віду транспарту ў гарады віцебскі трамвай мае вялікія перспектывы для далейшага развіцця: састарэлыя і шумныя вагоны замяняюцца сучаснымі, а экалагічны бок усцяж робіць гэты транспарт нумарам адзін у горадзе.

Віктар Старавойтаў

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары