Віктар Юшчанка для «Белсату»: Вайна на Данбасе – гэта канфлікт Расеі з усім светам (поўная версія)


«За нашу тысячагадовую гісторыю ўкраінцы не забівалі і не рэзалі брат брата», – адзначыў у інтэрвю з «Белсатам» былы прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка.

– Цяперашнія падзеі на Данбасе з’яўляюцца вялізным шокам для ўсіх. Як вы ацэньваеце гэтыя падзеі?

– Будзе вялізная памылка Еўропы, калі трактаваць гэты канфлікт як унутрыўкраінскі: гэта значыць вайна ўкраінцаў з украінцамі. У нас такога канфлікту няма. За нашу тысячагадовую гісторыю мы ніколі не забівалі брат брата. І сёння няма падставаў мець унутрынацыянальны канфлікт. Гэтая вайна распаленая звонку. І я хачу сказаць, што сёння гэта нават не канфлікт Украіны з Расеяй. Гэта канфлікт Расеі з усім светам. І тое, што адбываецца сёння на ўсходзе Украіны – насамрэч гэта вайна двух розных палітычных канцэпцыяў жыцця і светаўладкавання: Еўрапейскага, Заходняга і самадзяржаўнага, азіяцкага. І таму трэба разумець, што першакрыніцаю канфлікту ёсць расейская акупацыя, расейская агрэсія.

Існуюць дзве тэрарыстычныя арганізацыі, якія з’яўляюцца транспартам гэтае агрэсіі. І вельмі непрыемна, калі на сурёзным, палітычным узроўні мы абмяркоўваем фармат урэгулявання, спосабы ўрэгулявання, але за сталом сядзіць не агрэсар, але марыянеткі, якія не маюць ані пасадаў, мандатаў, яны нікога не прадстаўляюць.

У іх жа няма ўласнай палітыкі і яны толькі выканаўцы. Чаму не працуе нармандскі фармат? Бо мы яшчэ не навучыліся назвываць агрэсара агрэсарам. І гэтая ж праблема пераносіцца на Менскі фармат, калі насамрэч сапраўдны агрэсар выглядае як назіральнік. І вядома, што пры такім фармаце мы яшчэ доўга будзем шукаць спосабаў як спыніць гэты канфлікт. Пакуль на сёння ЗША, краіны Еўропы няправільна зрабілі расклад прыярытэтаў. І таму фармат перамоваў не адпявадае фармату канфлікту. Гэта ілюзія, гэта толькі спосаб паўзучае анексіі, якую робіць Пуцін, кожны дзень захопліваючы новыя тэрыторыі, а захад робіць выгляд, што прынамсі з этычнага, маральнага пункту погляду ўсё робіць, каб спыніць канфлікт. Насамрэч гэта не так.

Расейцы дорага заплоцяць за дзеянні Пуціна

– Каб была такая магчымасць, і вы селі за стол перамоваў з Пуціным – ці быў бы з гэтага плён? Як яшчэ можна спыніць гэтую вайну?

– Калі з вуснаў шматлікіх еўрапейскіх палітыкаў чую, што дыпламатыя не мае альтэрнатываў у вырашэнні гэтага канфлікту, я адначасова пагаджаюся з гэтым і не пагаджаюся. Згодны ў тым, што рана ці позна, але з ворагам прыйдзецца сесці за стол перамоваў. Рана ці позна, але мы выйдзем на фармат рэальных дамоўленасцяў, якія паставяць кропку ў гэтым канфлікце. Але ці магчыма сёння дамовіцца з Пуціным? Я лічу што не. Немагчыма з ім дамовіцца.

Пуцін баіцца двух рэчаў. Першае – гэта рэакцыя ўласнага народу. Але пакуль уласны народ спіць. І гэта яго віна, гэта вялізная віна расейцаў. Але за гэтую віну яны панясуць вялізную плату.

Я не бачу перспектывы для Расеі ў гэтай маралі. Яны губяць самі сябе. Пуцін робіць вельмі кепскую справу для Расеі. І хоць мае словы 90 % расейцаў не пачуюць, будуць качаць галавою і казаць, што я не маю рацыі. Але я правільна кажу, гэта вы няправільна думаеце. Другое ж, чаго баіцца Пуцін – сусветнай рэакцыі. І таму тое, што сёння адбываецца, перадусім у Еўропе, калі Пуцін праз розныя прыёмы з еўрапейскай калоды картаў выцягвае пэўных гульцоў, і дэсалідарызуе еўрапейскую пазіцыю, калі нейкія лідары прымаюць яго на найвышэйшым узроўні, а ў гэты час гінуць па пятнаццаць, дваццаць, 60 асобаў, то гэта немаральныя людзі. Гэта не пытанне стаўлення да Расеі, гэта пытанне да палітыкі Пуціна.

Калі чую з Бруселю, што Еўропа страціла дваццаць адзін мільярд еўраў за апошнія паўгода праз стасункі з Расеяй, для мяне гэта цынічна. Ну пра якія старты можна казаць, калі забіраюць чалавечыя жыцці.

Калі ў Парыжы адбылася трагедыя, адгукнуўся ўвесь свет. Бо гэта сапраўды трагедыя. А ўявіце сабе, што яна кожны дзень адбываецца, толькі прыкладна за тысячу дзвесце кіламетраў ад Парыжу. Ці можа кроў украінцаў меней каштуе, чым іншая кроў?

З Пуціным трэба размаўляць, але тады, калі ён будзе да гэтага гатовым. А каб ён такім быў – недастаткова дыпламатыі. Нам патрэбна навучыцца спыняць Пуціна. Трэба і даць па носе. Гэта вельмі ацвярэзьвае. Таму дыпламатыя – гэта вельмі важна, але недастаткова. Паралельна з дыпламатыяй мы павінна размаўляць пра вайсковы кампанент. Мы павінны казаць не пра эскалацыю канфлікту, але толькі яго спыненне. Але таксама і праз мілітарны кампанент, абарончы кампанент. Як спыніць агрэсара? Калі агрэсар зайшоў у нашую хату, нам прапаноўваюць заключыць з ім мір. Калі ён зайшоў у калідор – зноў кажуць нам пра мір. Але ж такім чынам ніхто не выйграваў. Мы павінны гаварыць пра сурёзную фінансавую рэакцыю. Калі я гляджу як мы ўжо амаль паўгода вядзем перамовы з сусветнымі фінансавы арганізацыямі, размаўляем пра некалькі мільярдаў долараў, а пры гэтым у Еўропе за некалькі дзён вырашылася пытанне ў 200-300 мільярдаў долараў, то ў мяне складаецца ўражанне, што ў Еўропе не ўсе палітыкі разумеюць, што гэта не толькі наша віна, але і іх таксама. Калі мы сёння разглядаем эканамічную праграму дапамогі Украіне, яны кажуць, што найбольшыя санкцыі для Пуціна, гэта дапамога для Украіны, супраца з Украінай, салідарнасць з Украінай. Ці мы кажам пра кампаненты гуманітарныя, ці іншыя. Але гэта азначае, што адназначнага адказу на тое, як спыніць канфлікт ва Украіне – проста няма. Няма такога кампаненту, які можна было б ужыць, напрыклад, дыпламатычны, і можна было б жыць спакойна.

– Якая роля Лукашэнкі ў гэтым канфлікце? У Еўразвязе неяк ужо забыліся пра яго дыктатарскія метады кіравання, палітычных зняволеных. Ёсць меркаванне, што ён проста баіцца, што Беларусь чакае лёс Украіны.

– Адзін з варыянтаў адказу – відавочны, а другі – палітычны. Відавочны – я думаю, што еўрапейская палітыка якая праводзілася апошнія 10 гадоў у дачыненні да Беларусі, у шматлікіх момантах была недасканалая і дэфектная. Я ведаю нашмат больш, чым магу агучыць і, паверце маім словам, былі моманты ў нашай еўрапейскай гісторыі, моманты ўзаемінаў аб’яднанай Еўропы і Беларусі, якія Еўропа проста празявала. З размоваў з кіраўніком Беларусі я ведаю, пра яго стаўленне ў тым ліку і да тых асобаў, якіх мы сёння вельмі часта ўзгадваем. І якім мог бы быць шлях Беларусі, калі б у Еўропе дзеялі згодна з добрай палітычнай імправізацыяй.

Еўразвяз дапусціў шэраг памылак у дачыненні да Беларусі, калі б іх пазбегнуць, то было б збліжэнне да еўрапейскасці. І паверце, я не кажу пра Лукашэнку, я кажу пра ўнікальную нацыю. Гэтак жа я пераконваў Еўропу пасля 2010 года, калі па Украіне была прынята палітычная паўза, калі за тры з паловаю гадоў да нас не прыехаў аніводзін палітычны лідар, я казаў, што гэта вялізная памылка. Пытанне не ў Януковічу, не ў Азараве, пытанне ў тым, што пасля іх застаецца 46-мільённая краіна, нацыя. І дзе народ будзе праз тры гады, праз пяць? Ці над гэтым пытаннем разважаюць у Бруселі? Гэта цікава. Не важна, дзе будзе Юшчанка, Грыгарэнка, Пятрэнка – гэта толькі эпізоды. Але дзе будзе нацыя – гэта важна.

МЛ / гутарыў Алесь Сіліч

 

Стужка навінаў