Ватыкан гатовы прыняць з візітам Аляксандра Лукашэнку


Чакаецца ўдакладненне дат візіту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, заявіў журналістам 14 сакавіка ў Менску дзяржсакратар Святога Пасаду, кардынал П’етра Паралін.

Паводле яго словаў, падчас сустрэч з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Беларусі магчымасць візіту Лукашэнкі ў Ватыкан абмяркоўвалася. «З боку Святога Пасаду ёсць гатовасць для такога візіту. Чакаецца толькі рашэнне беларускага кіраўніцтва аб запытанні сустрэчы, удакладнення дат візіту», – сказаў кардынал Паралін на прэс-канферэнцыі, інфармуе БелаПАН.

Дзяржсакратар папы Францішка растлумачыў, што паводле пратаколу Святога Пасаду «палітычным лідарам не накіроўваюцца запрашэнні для правядзення сустрэч з Папам». «Такія сустрэчы запытваюцца самімі зацікаўленымі, але гэта не выключае зацікаўленасці бакоў у такіх сустрэчах», – зазначыў прадстаўнік Ватыкану.

Кардынал Паралін знаходзіцца ў Беларусі з 12 па 15 сакавіка з афіцыйным візітам на запрашэнне беларускіх уладаў. У паведамленні апостальскай нунцыятуры аб візіце кардынала Параліна зазначаецца, што такім чынам Папа Рымскі Францішак «жадае выказаць сваю глыбокую павагу беларускаму народу і праз свайго найбліжэйшага супрацоўніка сустрэцца з католікамі Беларусі ў малітве і адзінстве сэрцаў».

Гэта другі такі візіт прадстаўніка Ватыкану ў гісторыі сучаснай Беларусі пасля 2008 года, калі краіну наведаў дзяржсакратар Святога Пасаду кардынал Тарчызьё Бэртонэ.

Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем наведваў Ватыкан у красавіку 2009 года і быў прыняты Папам Бэнэдыктам XVI. Да і пасля гэтага візіту беларускі кіраўнік адпраўляў кіраўніку Рымска-каталіцкай Царквы запрашэнні наведаць Беларусь «у зручны для яго час».

Лукашэнка таксама раней выступіў з ініцыятывай правядзення сустрэчы ў Беларусі кіраўнікоў праваслаўнай і каталіцкай Цэркваў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН,

Глядзі таксама
Каментары