«Усё будзе добра, усё будзе добра… Добра мы на вуліцы засталіся!»

video

Ім затрымлівалі заробкі – яны трывалі. Скарачалі працоўны тыдзень – яны хадзілі на працу. Жлобінская птушкафабрыка мае даўнюю гісторыю, аднак гэта не гісторыя поспеху.

«Было Br 3 мільёны. Калі птушку здавалі, маглі і 4 атрымаць. Неяк выжывалі». – Іна Уласенка, былая працаўніца птушкафабрыкі.

Але сама птушкафабрыка не выжыла. Вытворчасць паступова перадалі ў суседнія раёны, ад траўня людзям масава не працягнулі кантрактаў. Са 150 працаўнікоў скарацілі больш за ¾.

«Прыязджаў намеснік губернатара пару месяцаў таму. Казаў – прыпынім звальненні, не хвалюйцеся. Тым не менш, нам кантракты не працягнулі», – абураецца жанчына.

«Усё будзе добра, усё будзе добра… Добра мы на вуліцы засталіся», – дадае яшчэ былая працаўніца фабрыкі.

5 гадоў таму кіраўніцтва птушкафабрыкі ў крэдыт набыло імпартнае абсталяванне для забою і перапрацоўкі. Але вытворчых лініяў коштам 2 мільёны еўраў цэлы год ніхто нават не збіраў, каб запусціць у працу. Праверцы з дзяржкантролю дырэкцыя тлумачыла, што цэх няправільны, а новы няма як пабудаваць. Абсталяванне вывезлі. Цяпер тут ні птушак, ні працы, толькі звонкае рэха.

«Косім і збіраем сена. Рыхтуем фабрыку да лепшага», – паўжартам адзначае працаўніца птушкафабрыкі Алена.

Падчас сустрэчы са звольненымі працаўнікамі кіраўніцтва фабрыкі ды прадстаўнікі мясцовай улады абяцалі запусціць прадпрыемства цягам года. Трэба пачакаць і перажыць, кажуць чыноўнікі.

«Птушкафабрыка працаваць будзе, гэта толькі справа часу. Я папрасіла раён, кадры раёну, каб яны выбралі, як мы можам вас працаўладкаваць і дзе», – супакойвае Таццяна Цімашэнка з упраўлення жывёлагадоўлі Гомельскага аблвыканкаму.

Дзе-дзе – на сяле. У калгасах вакансіі ёсць, бо там заробкі яшчэ меншыя, чымся на стратных прадпрыемствах.

«Пойдзеце працаваць на сяло. Як і там людзі працуюць. Там расцэнка ад прадукцыі, як і ў вас была», – пераконвае Галіна Лявонава, упраўленне жывёлагадоўлі Гомельскага аблвыканкаму

Мясцовыя ўлады паабяцалі даць аўтобусы для развозу працаўнікоў.

«Даяркай ехаць у 4 раніцы і ў 12 прыехаць? Дзіцё непаўнагадовае. На каго я дзіцё пакіну – на суседзяў?», – абураецца Наталля Кулагіна, былая працаўніца птушкафабрыкі.

Выбар няпросты – у самім Жлобіне, дзе жывуць 75 тысяч чалавек, няма не тое што годнай працы, а ўвогуле вакансіяў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары