Улады паведамілі пра 3 млн чалавек на суботніку

photo

Паводле звестак штабу па рэспубліканскім суботніку, у акцыі бяруць удзел каля 3 млн грамадзянаў, мяркуецца зарабіць каля Br 70 млрд.

Пра гэтым заявіў 23 красавіка журналістам прэмʼер-міністр Андрэй Кабякоў падчас суботніку. Прэмʼер-міністр з чальцамі ўраду высаджваў дрэвы на тэрыторыі Лагойскага лясгасу Менскай вобласці.

Як паведаміла прэс-служба ўраду, Кабякоў адзначыў, што палову сабраных сродкаў кожны аблвыканкам і Менск пералічаць на бюджэтны рахунак Міністэрства фінансаў, гэтыя грошы пойдуць на праектаванне і будаўніцтва дзіцячай клінічнай лякарні ў Гомлі. «Гэта вельмі важны і патрэбны абʼект, да якога даўно ўжо трэба было падступіцца. І вось адной з першых крыніц будаўніцтва будуць сродкі ўсіх грамадзянаў Беларусі, заробленыя сёння», – зазначыў кіраўнік ураду.

Сродкі таксама пойдуць на аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, пахаванняў воінаў Вялікай Айчыннай вайны, на падрыхтоўку да новага сезону дзіцячых дашкольных і школьных, спартыўных і аздараўленчых летніх лагераў, паведаміў Кабякоў.

Прэмʼер заявіў, што для яго асабіста «рэспубліканскі суботнік – гэта свята, а таксама магчымасць ненадоўга змяніць від дзейнасці».

«Вельмі важна для кожнага чалавека адчуваць сябе часцінкай краіны, супольнасці, якая працуе на адзіныя мэты, і гэтыя мэты абсалютна высакародныя», – лічыць прэмʼер-міністр.

Суботнік праходзіць сёння і ў Менску. Па ўсіх скверах можна ўбачыць людзей з мётламі і граблямі. На суботнік выйшлі піянеры і нават супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання СТВ, праўда, некаторыя з іх не вельмі ахвотна гарнуліся да работы.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары