Украіна ўвяла санкцыі супраць 31-гадовай грамадзянкі Беларусі


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў рашэнне аб пашырэнні санкцыяў супраць фізічных і юрыдычных асобаў. Пад персанальныя санкцыі цяпер трапляе адна грамадзянка Рэспублікі Беларусь і чатыры чалавекі, якія нарадзіліся ў Беларусі.

Грамадзянка Рэспублікі Беларусь у санкцыйным спісе Кіева – гэта 31-гадовая бізнес-лэдзі Дар’я Дземчанка. Яна нарадзілася ў Віцебску, мае дыплом Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. З 2007 года Дар’я прыжывае ў Санкт-Пецярбургу, цяпер валодае салонам прыгажосці Bulavka Beauty.

У санкцыйным спісе яна фігуруе як заснавальнік «Расейскага нацыянальнага камерцыйнага банку», які раней трапіў пад санкцыі ЗША і Еўразвяза. Адразу пасля анексіі Крыму банк быў куплены мясцовымі ўладамі, а на пачатку 2015 года прадзены малавядомаму ТАА «Комплексныя энергетычныя рашэнні», выніковым бенефіцыярам якога з’яўлялася ў тым ліку Дар’я Дземчанка. Дар’я, які піша «Коммерсант», «прадстаўляе інтарэсы шэрагу фізічных асобаў». Яшчэ праз год 100% акцый «Расейскага нацыянальнага камерцыйнага банку» перайшлі пад кантроль расейскіх уладаў.

Санкцыі афіцыйнага Кіева прадугледжваюць блакаванне на тэрмін у 1 год актываў Дземчанкі на тэрыторыі Украіны і забарону на ўезд на тэрыторыю краіны.

Усяго на сёння ў санкцыйным спісе афіцыйнага Кіева знаходзяцца 1.228 фізічных і 468 юрыдычных асобаў.

У спісе таксама фігуруе камандуючы Чарнаморскім флотам Расеі Аляксандр Вітко, які нарадзіўся ў Віцебску ў 1961 годзе. Вітко амаль усё жыццё пражыў у Расеі, даслужыўся да звання адмірала, прымаў актыўны ўдзел у аперацыі па анексіі Крыму.

Яшчэ тры фігуранта санкцыйнага спісу – Валянціна Івінская, Алена Цімік і Уладзімір Іваноў – нарадзіліся ў Беларусі, але цяпер пражываюць у Крыме. Паводле сайта «Міратворац», украінскія ўлады абвінавачваюць іх у тым, што яны былі сябрамі выбарчых камісіі з правам вырашальнага голасу падчас непрызнанага рэферэндуму па далучэнню Крыму да Расеі і ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях. Якое грамадзянства яны маюць на дадзены момант – невядома.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў