У Віцебску пачалася апеляцыя па рэзананснай справе аб хатніх родах

video

Віцебскі абласны суд прыступіў да разгляду ў апеляцыйным парадку крымінальнай справы ў дачыненні да Вольгі Сцяпанавай, якая абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства па ч.1 ст.144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) КК.

Разгляд праходзіць у закрытым рэжыме.

Трагічнае здарэнне адбылося ў лютым 2017 года. Вольга Сцяпанава прыехала ў Віцебск з Санкт-Пецярбурга да маці, каб нарадзіць дзіця. Яна адмаўлялася ад шпіталізацыі, бо нараджала першую дачку таксама ўдома. Другая дзяўчынка мела праблемы з дыханнем, наглыталася каляплодных водаў. Медыкі з «хуткай» і дактары ў шпіталі не змаглі выратаваць дзіця.

7 верасня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў 31-гадовай жанчыне шэсць месяцаў у калоніі-пасяленні, але змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды. Жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільным доме або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.

Вольга Сцяпанава сваю віну не прызнае і ўскладае адказнасць за смерць дзіцяці на медыкаў, якія праз нядбайнае стаўленне не аказалі неабходнай дапамогі.

Суд на Вольгай Сцяпанавай выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Шмат хто лічыць крымінальны пераслед Вольгі безпадстаўным, тысячы беларусаў падпісалі анлайн-петыцыю ў абарону жанчыны. Адначасова дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выступілі з ініцыятывай забараніць хатнія роды.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары