У Варшаве цяпер вучаць беларускай мове


Курсы «Мова нанова» прыйшлі ў Польшчу, дзе жывуць амаль 50 тыс. беларусаў, – пакуль што толькі ў сталіцу. 9 лютага ў сядзібе Беларускага дому прайшла першая сустрэча аматараў беларускай мовы. Сярод гасцей – іспанская паэтка Анхэля Эспіноса, якая піша вершы па-беларуску, паляк Томаш Бладынец, якому забаронены ўезд у Беларусь, украінка і тузін беларусаў.

Фота − Іван Мяжуй

Падчас знаёмства аказалася, што не толькі беларускія, але і польскія хлапцы вывучаюць беларускую мову праз каханне з беларускамоўнаю. Кахацца па-беларуску ў Польшчы цяпер стане лягчэй. Асабліва ўлічваючы зручнае размяшчэнне будынку, у якім маюць адбывацца заняткі.

«Ідэя курсаў прыйшла выпадкова. Я даведаўся, што яны ідуць у розных гарадах, але не ў Варшаве. Пасля пагутарыў з Алесем Зарэмбюком, які кіруе Беларускім домам. Ён сказаў – «з задавальненнем прымем». У Варшаве цяпер навучаюць беларускай мове», – зазначае Станіслаў Раманчук, арганізатар курсаў у Варшаве.

Якая будучыня ў курсаў?

«Перспектывы залежаць ад нас – беларусаў Варшавы. Вітаецца дапамога актывістаў. Калі зможам рабіць заняткі цікавымі, сталая аўдыторыя будзе», – дадае Станіслаў Раманчук.

Галоўнай ж падзеяй на сустрэчы была Анхэля Эспіноса – іспанка, якая настолькі добра ведае беларускую мову, што нават піша на ёй вершы.

Сустрэчы «Мова нанова» ў Варшаве маюць адбывацца штотыдзень у аўторак, у Беларускім доме па адрасе Wiejska 13/3 а 19:00.

Максім Чарняўскі, Іван Мяжуй, «Белсат»

Стужка навінаў