У Татарстане пракуратура абвясціла конкурс дзіцячага малюнка паводле Нюрнбэргскага працэсу


Пракуратура Кукморскага раёну Татарстану абвясціла дзіцячы конкурс да 70-годдзя ваеннага трыбуналу над кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны. Удзельнікі конкурсу павінны будуць прадставіць малюнак або выраб, звязаныя з вынікамі Нюрнбэргскага працэсу.

Работы будуць выстаўляцца ў грамадскіх месцах пасёлка Кукмор. Пераможцаў узнагародзяць «памятнымі прызамі пракурора раёну».

«Сфармуляваныя падчас трыбуналу прынцыпы ляглі ў аснову далейшага развіцця міжнароднага гуманітарнага і крымінальнага права, спрыялі стварэнню іншых механізмаў міжнароднага крымінальнага правасуддзя», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры Кукморскага раёну.

Нюрнбэргскі працэс праходзіў з 20 лістапада 1945 года да 1 кастрычніка 1946 года. Суд прыгаварыў да смяротнай кары 12 чалавек з вышэйшага кіраўніцтва гітлераўскай Нямеччыны, уключаючы «пераемніка Адольфа Гітлера» Германа Герынга і дарадцы Гітлера ў вонкавай палітыцы Яўхіма фон Рыбентропа. Яшчэ сямёра атрымалі турэмныя тэрміны рознай працягласці.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў