У Менску зарэгістравалі беларускамоўны Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча


У Менску зарэгістравалі Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Навучанне ў ім будзе весціся на беларускай мове.

Як распавяла TUT.BY першы намеснік старшыні «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім, пасведчанне аб юрыдычнай рэгістрацыі прыватнай установы адукацыі было атрымана яшчэ 15 сакавіка.

Зараз заснавальнік Нацыянальнага універсітэта – «ТБМ імя Францішка Скарыны» – праводзіць кансультацыі з Міністэрствам адукацыі, каб атрымаць ліцэнзію і прыступіць да набору і навучання студэнтаў.

«Для таго, каб універсітэт распачаў набор студэнтаў, пачаў ажыццяўляць навучанне и навукова-даследчыцкую дзейнасць, нам патрэбна атрымаць ліцэнзію. Для гэтага мы павінны зрабіць пэўныя крокі: падрыхтаваць адпаведныя дакумэнты, знайсці памяшканне – набыць ці арэндаваць. Таму мы вядзем кансультацыі з Міністэрствам адукацыі, Каб рабіць ўсё щ адпаведнасці з заканадаўствам, з тымі нормамі, стандартамі, якія прадугледжаны щ сістэме адукацыі для такіх установаў».

На пасаду рэктара універсітэта ТБМ намінавала былога кіраўніка арганізацыі Алега Трусава. Аднак канчатковае рашэнне – зацвердзіць кандыдатуру або адхіліць – будзе прымаць Мінадукацыі.

Фінансавацца універсітэт будзе з некалькіх крыніц.

«Мы прадумваем бізнес-стратэгіі, сыходзячы з патрэбаў. Не выключаем ніякіх крыніц фінансавання, у тым ліку і дзяржаўнае партнёрства. Калі ў нас будуць зацверджаныя спецыяльнасці, у якіх зацікаўленая і дзяржава, то, зразумела, мы будзем і да гэтых крыніцаў пракладаць свае шляхі. Таксама мы будзем размаўляць з бізнес-супольнасцю. Па-першае, яны могуць быць зацікаўленыя ў падрыхтоўцы пэўных спецыялістаў. Па-другое, магчыма, яны будуць гатовыя паўдзельнічаць у заснаванні стыпендый».

У дадзены момант ТБМ распрацоўвае структуру Нацыянальнага універсітэта. Названы ён у гонар народнага паэта Беларусі і першага старшыні ТБМ Ніла Гілевіча.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў