У Менску ўпершыню сабралася рада нацкангрэсу

video

Эксперты лічаць, што маладою крывёю для беларускай апазіцыі павінныя стаць жыхары рэгіёнаў.

У сталіцы прайшло першае паседжанне рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу. У яе ўвайшлі 15 асобаў, у тым ліку 7 прадстаўнікоў рэгіёнаў.

«Ад пачатку мэта была пастаўленая – кансалідацыя дэмсілаў, гэты працэс пачаты. Адразу казалі, што гэта толькі пачатак працэсу, і ён будзе працягвацца і ў Менску, і ў рэгіёнах, будуць стварацца новыя кааліцыі, дэмсілы будуць абʼядноўвацца знізу. А абʼядноўвацца будзем, каб вярнуць Беларусь да свабоды», – заявіў падчас кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Таксама ўдзельнікі Кангрэсу будуць дамагацца стварэння адзінага спісу апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты. У гэтым сэнсе выбары ў Палату прадстаўнікоў стануць знакавым іспытам для новай ініцыятывы на здольнасць дамаўляцца.

«Мы вызначылі нашу галоўную мэту – гэта адзіны спіс на дадзеным этапе, і мы вызначылі як мы хочам узаемадзейнічаць і мы гаворым аб тым, чаго ў нас у Беларусі, часамі бракуе, аб кампрамісах. То бок мы павінны пайсці на пэўныя саступкі, каб зрабіць адзінае абʼяднанне. Спадзяюся, што зрухі будуць», – кажа Станіслаў Шушкевіч.

Паседжанні рады Кангрэсу будуць адбывацца раз на месяц. Пры гэтым перамовы па далучэнні да ініцыятывы іншых структураў будуць працягвацца. Як кажуць сябры рады, стаўка будзе рабіцца на рэгіёны.

«Тут у Менску мы ўсе варымся ў адной кашы і цяжка на нешта разлічваць, а людзі з рэгіёнаў у гэтым сэнсе праўда жыцця для нас», – заявіў Вацлаў Арэшка, палітолаг.

«Кангрэс мусіць абʼяднаць, бо 20 гадоў ніхто нічога не вырашаў», – кажа індывідуальны прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус.

Беларускі нацыянальны кангрэс прайшоў 15 траўня ў скверы Янкі Купалу ў Менску. За ўдзел у Кангрэсе больш за 10 асобаў, у тым ліку арганізатары, атрымалі штрафы.

Аркадзь Несцярэнка

Глядзі таксама
Каментары