У Менску сталі менш высяляць за нявыплату жыллёва-камунальных паслугаў


Рэкорднае паляпшэнне статыстыкі ў справе высяленняў. Паводле інфармацыі чыноўнікаў Менскага гарадскога выканкаму, за першыя паўгода сталічныя суды задаволілі сорак шэсць позваў на высяленне за нявыплату жыллёва-камунальных паслугаў.

Гэта амаль у шэсць разоў менш, чымся за адпаведны перыяд мінулага года. Шэсць асобаў ужо выселеныя. Яшчэ тры чакаюць на высяленне.

Палепшылася сітуацыя і ў колькасці позваў камунальнікаў на высяленне за пазыкі. Калі летась за першыя шэсць месяцаў года менскія камунальнікі звярнуліся ў суд амаль пяцьсот разоў, то сёлета – у чатыры разы менш.

Як паведаміў на аператыўнай нарадзе ў Менскім гарвыканкаме дырэктар філіялу «Адзіны разлікова-даведкавы цэнтр гораду Менску» Сяргей Няхай, матэрыялы пра высяленне як з дзяржаўнага, гэтак і прыватнага жыллёвых фондаў перанакіроўваюцца ў суд пры наяўнасці шасцімесячнай запазычанасці. На гэты ж момант больш за 80 % даўжнікоў маюць пратэрмінаванні ў межах да трох месяцаў.

Да канца года ў Беларусі чакаюцца нават два падаражэнні камунальных паслугаў. Ужо з першага верасня жыроўкі пацяжэюць на 8 %.

belsat.eu

Стужка навінаў