Актыўнага ўдзельніка пратэстаў супраць дэкрэту № 3 падазраюць у распаўсюдзе парнаграфіі


У Магілёве да сябра аргкамітэту па стварэнню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча прыйшла міліцыя, піша svaboda.org. Актывіста забралі ў міліцыю.

Паводле Станіслава, крымінальная справа супраць яго не заведзеная, але ён застаецца ў статусе падазраванага. У яго забралі кампʼютар з маніторам і спрабавалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі ўзяць паказанні. Абвінавачанняў актывіст не прызнае.

«Ад дачы паказанняў я адмовіўся, у чым распісаўся. Я ім казаў, што я ня той чалавек, які будзе распаўсюджваць парнаграфію. Сам ролік мне не паказалі, толькі скрыншот. Як мне сказалі, ролік размясцілі ў інтэрнэце 6 год таму, а матэрыял ім прыйшоў толькі 17 лютага», – распавёў журналісту Станіслаў, як толькі выйшаў з міліцыі.

Паводле актывіста, 17 лютага ён быў у Менску на акцыі пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах.

«Два тыдні таму мне тэлефанаваў міліцыянт і спрабаваў выклікаць мяне на гутарку пра рэпост «закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве». Я сказаў, каб мне дасылалі позву. Позваў ніякіх не было. І цяпер раптам да мяне наведваюцца з абвінавачаньнем у распаўсюдзе парнаграфіі. Спрабуюць «прышыць» мне гэтую справу. Міліцыянты пераконвалі, што іх палітыка не цікавіць», – кажа Станіслаў Паўлінковіч.

У 2016 годзе на Станіслава Паўлінковіча заводзілі адміністрацыйную справу за рэпост допісу Мікалая Статкевіча з заклікам на акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў» 12 верасня ў Менску. Да суду тую справу не давялі.

Актывіста запісалі ў «дармаеды» і абавязалі сплаціць збор у 360 рублёў паводле дэкрэту № 3. Станіслаў заяўляў, што рабіць гэтага ня будзе. На сваіх старонках у сацыяльных сетках ён змяшчаў абвесткі пра акцыі пратэсту супраць дэкрэту «аб дармаедах».

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары