У Індыі + 45. Ад спякоты памерлі не менш за 1100 асобаў


Травень і чэрвень – самыя гарачыя месяцы ў Індыі. У гэты час тэмпература паветра часта бывае вышэй за 40 градусаў. Але ўпершыню за апошнія 15 гадоў тэмпература некалькі дзён запар утрымліваецца вышэй за 45 градусаў.

Колькасць загінулых у паўднёвай частцы краіны сёлета ў два разы больш, чымся летась.Большасць ахвяраў – гэта пажылыя людзі, а таксама асобы, што працуюць на паветры і не маюць магчымасці схавацца ад сонца. Дактары дыягназуюць сонечныя ўдары і абязводжванне.

Улады краіны адклікаюць з адпачынкаў усіх лекараў і скіроўваюць іх на працу ў шпіталі ды часовыя медычныя пункты. Праз спякоту здараюцца аварыі ў электрычных сетках.

Спякоту выклікае не толькі сонца, але і сухое кантынентальнае паветра, што ідзе з боку Ірану і Афганістану. Паводле сіноптыкаў, спякота спадзе толькі напрыканцы тыдня, калі прыйдуць мусонныя дажджы на ўсход і поўдзень краіны.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары