У былой сталіцы ВКЛ вывучаць беларускую мову будуць дзеці


Першага верасня пачаўся новы навучальны год у беларускай школе... ў Вільні. Сярэдняя школа, якая носіць імя Францішка Скарыны, створаная ў Літве на пачатку 90-ых і дагэтуль кожны год чакае новых вучняў, якія прагнуць вывучаць беларускую мову. Свята 1-га верасня ў школе наведаў высокі госць – Міністр замежных справаў Літвы.

ЛІНАС ЛІНКЯВІЧУС, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛІТВЫ:

«Мы вельмі ганарымся, што такая школа ёсць у Вільні. Пагатоў гэта не проста школа, у якой навучаюцца на беларускай мове. Гэта і сімвал – талерантнасці, цярпімасці».

Вядома, што ў Беларусі адукацыя на мове тытульнай нацыі перажывае ледзь не найгоршыя часы, улады ніяк не падтрымліваюць навучанне па-беларуску, колькасць беларускамоўных класаў штогод скарачаецца. Аднак тут усё па-іншаму, прынамсі гэтак выглядае.

АЛЯКСАНДР КАРОЛЬ, АМБАСАДАР БЕЛАРУСІ Ў ЛІТВЕ:

«Беларусь дапамагае развівацца школе, і мы праз Міністэрства адукацыі, праз гарвыканкам, праз амбасаду. Мы дапамагаем на розных напрамках развіцця. І вось гэты аўтобус – таксама падарунак школе».

Навучанне ў школе праходзіць пераважна на беларускай мове, і нават часткова па беларускіх падручніках.

АЛЯКСАНДР КАРОЛЬ, АМБАСАДАР БЕЛАРУСІ Ў ЛІТВЕ:

«Праграма прыбліжаная да беларускай, таму што выпускнікі гімназіі паступаюць у беларускія навучальныя ўстановы».

Вучні ж у школе розныя. Некаторыя звязаныя з Беларуссю наўпрост – праз бацькоў, іншыя ж – дзеткі прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, якія апынуліся ў Вільні. Вабіць як бацькоў, гэтак і дзяцей магчымасць вывучыць новую мову – беларускую.

У першы клас у гэтым годзе прыйшлі 13 вучняў, у падрыхтоўчую групу – 15. Па адным-два чалавекі дадалося сёлета і да кожнага класу.

Алена Шпак, «Белсат»

Стужка навінаў