Tuzin.fm заклікае да байкоту клубу «Re:Public», які не дазволіў «Белсату» здымаць канцэрт


Музычны партал Tuzin.fm больш не будзе асвятляць ніводнай імпрэзы, якія праходзяць у менскім клубе «Re:Public» праз непаважлівае стаўленне кіраўніцтва пляцоўкі да незалежных журналістаў.

Канфлікт паміж адміністрацыяй клубу і журналістамі здарыўся 11 лістапада на канцэрце гурта «Nizkiz». На імпрэзу незалежных журналістаў Сяргея Будкіна і Яўгена Шапчыца запрасіў арганізатар канцэрту Віталь Супрановіч.

Карэспандэнты мелі зняць сюжэт пра магілёўскую каманду для тэлеканалу «Белсат». Паразмаўляўшы з музыкамі ў грымёрцы, журналісты вялі здымкі ў зале. Тады да іх падышоў дырэктар «Re:Public» Андрэй Старцаў з патрабаваннем выключыць камеру ды схаваць мікрафон, на якім віднеў лагатып «Белсату».

Ад афіцыйных тлумачэнняў з гэтай нагоды Андрэй Старцаў і арганізатар канцэрта Віталь Супрановіч адмовіліся. У прыватнай размове кіраўнік «Re:Public» заявіў Сяргею Будкіну, што тэлеканалу, які не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі, нельга заходзіць у ягоную «кватэру».

«Я даўно ведаю Андрэя Старцава, – адзначыў журналіст Сяргей Будкін старонцы Belsat.eu. – Я мяркую, што гэтая забарона сыходзіла не непасрэдна ад яго, а ад нейкіх трэціх асобаў. Праўда, гэта толькі здагадкі».

Tuzin.fm вырашыў выказаць салідарнасць з «Белсатам» і пастанавіў не асвятляць мерапрыемстваў у гэтым клубе праз непавагу яго кіраўніцтва да журналістаў.

«Просім падтрымаць байкот іншых калегаў і перапрашаем музыкаў, у якіх на гэтай пляцоўцы запланаваныя выступы», – падае Tuzin.fm.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары