Ці вытрымае Беларусь крах замежнага гандлю?

video

Не купляюць беларускае ні ў Азіі, ні ў Еўропе. І як Лукашэнка ні лётае ў пошуках грошай – пакуль ляціць уніз з трэскам валютная выручка. Толькі сёлета ад продажу айчынных тавараў бюджэт атрымаў меней ажно на $ 3.5 млрд. І гэта не выключэнне, а тэндэнцыя – ды ўжо чацвёрты год. Найбольш адбіваецца залежнасць ад пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі, якія і складаюць аснову беларускага замежнага гандлю.

Адна з крыніцаў валютнай выручкі – экспарт калійных угнаенняў. Нягледзячы на апошнія візіты Лукашэнкі ў Пакістан, Кітай, прадаваць туды беларускую прадукцыю няпроста. Напрыклад, калі летась кітайцы набывалі ў нас калійныя ўгнаенні па $ 300 долараў за тону, то сёлета збілі кошт да 200. Істотная зніжка.

Валютныя Паступленні ў Дзяржбюджэт (студзень – жнівень)

2015 г. – $ 22,4 млрд

2016 г. – $ 18,9 млрд

Найбольш на падзенні валютнай выручкі адбіўся продаж за мяжу не айчыннай сыравіны, а перапрацаванай расейскай нафты.

Падзенне экспарту з Беларусі

Варта адзначыць, што экспарт тавараў і паслуг ды, як вынік, валютная выручка Беларусі, зніжаецца ўжо чацвёрты год запар.

2013 г. – 15,1 %

2014 г. – 1,7 %

2015 г. – 24,2 %

Прадаваць за мяжу беларускія прадукты ўсё цяжэй

«Расея не купляе тонамі беларускую ялавічыну, то не купляе яблыкі, заяўляючы, што яны польскія. Усё гэта ўплывае на тое, што наш экспарт у Расею не павялічваецца», – патлумачыў эканаміст Барыс Жаліба.

«Трэба адзначыць зніжэнне на сусветных рынках кошту харчовай прамысловасці. Па колькасці экспарту ў нас амаль няма скарачэння паставак малака, мяса, але кошты на іх упалі. Таму на гэтыя групы тавараў і фіксуецца зніжэнне абʼёму экспарту», – распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Адзінае выйсце з расейскага тупіка

«Трэба зменшыць залежнасць беларускай эканомікі ад расейскай. Бо палова нашага рынка завязана на Расею. Але гэта лёгка сказаць, але цяжка зрабіць. 30 % нашай валютнай выручкі дае пераапрацоўка расейскіх нафтапрадуктаў. Другі пункт валютных паступленняў – экспарт калійных угнаенняў. Разам гэтае дае палову валютнай выручкі. Гэта ненармальна», – упэўнены Барыс Жаліба.

Уладам прасцей разлічваць на Расею

«Я хацеў бы ведаць, вытрымаем мы гэта ці не. Нам трэба з Расеяй дамовіцца аб роўных умовах. Дзесьці мы па нейкіх пытаннях пасунемся, дзесьці яны. Але калі мы бачым сваю перспектыву ў адзіным цэлым, то нам трэба на гэта ісці і на гэтым настойваць», – казаў Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка.

Эксперты раяць мадэрнізаваць прадпрыемствы Беларусі і ствараць сваю канкурэнтаздольную прадукцыю, пашыраць рынкі збыту. Але на ўсё гэта патрэбныя вельмі сур’ёзныя сродкі. А іх, на жаль, бракуе. І замежнікі са сваймі інвестыцыямі прыходзяць у нашую краіну неахвотна.

Максім Кот, «Белсат», фота – ria.ru

Глядзі таксама
Каментары