«Трэба назваць усе вуліцы імем Лукашэнкі» – канструктыўная прапанова ад жыхара Гомельшчыны

video

У Касцюкоўцы маглі зʼявіцца вуліцы Быкава і Караткевіча. Але ўлады заявілі, што апыталі мясцовых жыхароў і тыя выказаліся супраць. У выніку замест класікаў тут «увекавечылі» стваральніка мясцовага цырка ды неадушаўлёныя прадметы. Так у Касцюкоўцы зʼявіліся Янтарная, Гасцявая, Яблыневая, Грушавая ды вуліцы Абеля.

Ініцыятыва перайменавання вуліц паўстала праз тое, што населены пункт, які раней быў прыгарадам, стаў часткай Гомлю. Для спрашчэння і ўпарадкавання тапанімікі вырашылі перайменаваць вуліцы ў мікрараёне.

Мы пацікавіліся ў жыхароў Касцюкоўкі, ці мясцовыя ўлады сапраўды раіліся з імі наконт перайменавання вуліцаў.

Адзін з апытаных прапанаваў назваць вуліцы імем дзейснага кіраўніка краіны.

«Можа лепш, каб была вуліца Лукашэнкі? Цяпер жа ўсё Лукашэнка, дык давайце вуліцу зробім. Усе вуліцы будуць Лукашэнкі. Навошта нам Быкаў ды Караткевіч? Пісьменнікі ж ужо даўно забытыя. Тут людзям есці няма чаго, якія вуліцы, якія назвы. Вядома, усе хочуць, каб была вуліца Лукашэнкі. А нумарацыя павінна быць такая: Лукашэнкі бацькі, Лукашэнкі сына, другога, трэцяга. Павінна быць рэспубліка Лукашэнка, бо мы ўсе залежым толькі ад яго», – мяркуе малады хлопец.

Іншыя жыхары прызналіся, што іх ніхто не апытваў.

«Не праўда, а хто ў нас пытаў? Хоць бы нейкую абʼяву ў клубе павесілі, пайшлі распыталі, якія вуліцы, якое імя каму падабаецца, але такога не было», – кажа жанчына.

«Ніхто не пытаў, а Караткевіча і Быкава я паважаю, як вялікіх пісьменнікаў», – кажа яшчэ адна жанчына.

«Я вельмі абураная, што вуліцу назвалі імем Абеля. Я сама займалася ў народным цырку, была велафігурысткай, у вытокаў стаялі. Так, ён арганізаваў цырк, але ці можна параўнаць маштабы Караткевіча і Быкава з Залезняком і Абелем?», – абураецца апытаная жыхарка.

«Ніхто ні пра што нас не пытаў. Пасялковы савет вельмі заняты», – выказваецца яшчэ адна апытаная.

Больш адказаў у відэа.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары