«Маіх кліентаў шукала міліцыя». Уладальніку першай прыватнай кавярні ў Горадні споўнілася 60


Мікола Таранда, уладальнік кавярні «Батлейка» і адзін з заснавальнікаў клубу «Паходня» адзначыў сваё 60-годдзе ў Цэнтры гарадскога жыцця. Горадня, 11 траўня 2017 года. Фота – Васіль Маўчанаў / Белсат

На гэтым тыдні юбілей адсвяткаваў Мікола Таранда, беларускі навуковец, актывіст і ўладальнік легендарнай «Батлейкі» – сэрца Горадні 90-х.

Мікола Таранда нарадзіўся ў 1957-м у вёсцы Зарытава на Берасцейшчыне. У Горадню пераехаў у 74-м, калі паступіў у Сельскагаспадарчы інстытут. «Зусім не хацеў вучыцца, а толькі танцаваў у розных ансамблях – і ў «Вянку», і ў «Нёмане» і ў агітбрыгадзе», – жартуе імяніннік. Танцы не перашкодзілі скончыць аспірантуру пры Інстытуце біяхіміі АН БССР.

У 1986-м супольна з іншымі гарадзенскі біяхімікамі ды некалькімі асобамі з Гарадзенскага ўніверсітэту Янкі Купалы Таранда стварае клуб, які выхаваў цэлае пакаленне беларускай моладзі.

Запаленая «Паходня»

У сярэдзіне 80-х гарадзенская моладзь падхоплівае рух распачаты ў сталіцы ў абарону матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Беларусі. Светапогляд спадара Міколы змяніла кніга Кастуся Тарасава «Памяць аб легендах», якая паказала адрозную ад ленінскіх запаветаў і музейнага фальклору гісторыю беларускай зямлі – з князямі, каралямі, рыцарамі, магнатамі, вайсковымі паходамі і бітвамі. Жаданне даследаваць і абараняць беларускую культуру аб«яднала спачатку 19 чалавек, якія правялі першы з’езду «Паходні».

З нагоды юбілею Міколы Таранды ў Цэнтры гарадскога жыцця сабраліся яго шматлікія сябры і знаёмыя. Горадня, 11 траўня 2017 года. Фота – Васіль Маўчанаў / Белсат

«Захацеў быць старшынём – і стаў ім. Заўсёды, як чагосьці хачу, гэтага дамагуся, – кажа Таранда. – Мне трэба было назбіраць групу людзей і я ўсё хадзіў па горадзе, шукаў. Калі хто па-беларуску гаманіў – я ўжо запісваю тэлефон. Адзін раз гляджу: мужык выходзіць з кнігарні з «Помнікамі архітэктуры Беларусі». Злавіў яго, але гэта аказаўся літовец».

У 1986-м у «Паходні» было 103 чалавека, напрыканцы 1988-га – ужо 160.

З Менску на Дзень нараджэння Міколы Таранды прыехала Кася Камоцкая. Фота – Васіль Маўчанаў / Белсат

Удзельнікі «Паходні» збіраліся штотыдзень – нікога не трэба было адмыслова клікаць. Ладзілі Купалле і Каляды. Ладзілі сустрэчы, прысвечаныя Ларысе Геніюш, сустракаліся з людзьмі, якія яе ведалі. Ездзілі ў госці да Зоські Верас у Вільню. Шукалі магілу маці Максіма Багдановіча.

Ладзілі суботнікі, у часе якіх ачышчалі гарадзенскую «рэчку-ванючку», якую сёння называюць Швейцарскай далінай. Спрабавалі паставіць помнік Давыду Гарадзенскаму. Праводзілі раскопкі Старога Замка. Парадкавалі музей Францішка Багушэвіча. У доміку Элізы Ажэшкі сустракаліся з усімі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, якія заявілі пра сябе ў той час.

Менавіта «пахаднянцам» удалося выратаваць мноства старых будынкаў, якія гарадскія ўлады хацелі разбурыць.

На вечарыне з нагоды юбілею Міколы Таранды. Горадня, 11 траўня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў / Белсат

«Часам у мяне пытаюць: адкуль назва такая? Як казаў Міхась Ткачоў, у старыя часы, калі людзям пагражала небяспека, яны запальвалі паходню і ішлі бараніцца ад ворага, – кажа спадар Мікола. – Нам удалося выхаваць пакаленне сапраўдных беларусаў, якія кіруюць цяпер рознымі арганізацыямі, пішуць кнігі, працуюць карэспандэнтамі. Усё нашыя людзі».

Летась «Паходні» споўнілася 30 гадоў, арганізацыя ўсцяж існуе, але актыўнай дзейнасцю ўжо не займаецца.

Піўнушка панкаў і бандытаў

У 1992-м Мікола Таранда супольна з сябрамі адкрыў у будынку Тэатру лялек першую прыватную гарадскую кавярню – «Батлейка».

У «Батлейцы» я прапіў вялікую колькасць грошай, і не разумею, чаму Мікола не стаў багатым – я быў там рэгулярна., – узгадвае гісторык Генадзь Семянчук, сталы наведнік «Батлейкі». – Кавярня адразу стала культавай, таму што, здавалася, што толькі рэдкія людзі не ведаюць або не сутыкаліся з Тарандам. Ён мае геніяльную здольнасць ведаць амаль усіх. Яго аўтарытэт пацягнуў туды ў першую чаргу інтэлігентных, нацыянальна свядомых людзей. І яна культавым месцам, каб папіць піва, гарэлкі, пагаварыць пра беларускія справы. Гэта была Еўропа. Ягоным партнёрам на пачатку быў чалавек з Польшчы па мянушцы Зялёны. Магчыма, нават там з нейкімі беларускімі каранямі».

«З аднаго буку гэта была бандыцкая кавярня, таму што там адныя бандыты. Па горадзе партрэты маіх кліентаў заўсёды віселі з подпісам: «Их разыскивает милиция», – распавядае спадар Мікола. – Беларускія дзеячы ўсе пабывалі практычна – пісьменнікі, паэты, усе рыцары, заўсёды калі прыязджалі. Рок-музыканты да самага ранку заўсёды сядзелі. Панкі прыходзілі».

Гарадзенскі журналіст Андрэй Мялешка называе «Батлейку» сэрцам Горадні 90-х.

«Я быў арганізатарам першага канцэрта гурта N.R.M у 97-м годзе ў Горадні. Нашыя ўлады гарадзенскія тады абрубілі электрычнасць усяму кварталу, каб канцэрт не адбыўся, і мы прыйшлі ў «Батлейку», – распавядае незалежны гарадзенскі журналіст Андрэй Мялешка. – Спадар Мікола нам адкрыў банкетны зал. І мы з гуртом, і ўсімі фанатамі там збіраліся і там быў такі маленькі неафіцыйны працяг канцэрта. Менавіта ў «Батлейцы» я першы раз пазнаёміўся з Касяй Камоцкай. Там можна было не толькі пачаркавацца, але і сустрэцца з людзьмі, якіх я ніколі не бачыў – напрыклад, беларусамі Падляшша».

Лявон Вольскі як бармэн «Батлейкі». Фота via «Твой стыль».

«Батлейка» зачынілася ў 1998-м годзе. Паэт Юры Гумянюк развітаўся з ёй вершам.

Да пабачэння, любая «Бардэлька»,

Прытулак родны хіжых абармотаў!

Пах кетчупу на змучаных сардэльках

Не выцісне належнае згрызоты.

Пасля закрыцця «Батлейкі» Мікола Таранда вярнуўся працаваць у Аграрны ўніверсітэт.

«Ні пра што не шкадую, усім ганаруся. Я ўсюды ўлез, усюды пабываў, усё пабачыў. Мне хацелася нешта стварыць – я ствараў», – кажа юбіляр.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў