Сямʼя затрыманага ў Беларусі байца ММА збегла з Чачэніі


Роза (маці) і Мадзіна (сястра).
Фота: tvrain.ru

Маці і сястра чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева баяцца за сваё жыццё.

Сямʼя спартоўца, якога экстрадавалі з Беларусі ў Расею і абʼявілі ў вышук у Чачэніі па абвінавачванні ў выкарыстанні падробленага пашпарту, выехала з Грознага. Пра гэта сястра Амрыева Мадзіна паведаміла ў размове з расейскім тэлеканалам «Дождь».

Тэлеканал апублікаваў відэазварот сястры і маці Мурада Амрыева, у якім яны просяць улады Чачэніі, расейскі МУС і ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы разабрацца ў сітуацыі, у якую трапіў Мурад.

«Вы проста вазьміце гэтыя паперы, пачытайце і разбярыцеся ў гэтай справе, у гэтым надуманай і шытай белымі ніткамі справе. Гэта ўсё, пра што мы вас просім. Мы не просім хаваць злачынцу, мы не просім яго недзе хаваць, мы просім вас аб справядлівасці, якая гарантаваная нам канстытуцыяй», – заявіла Мадзіна.

Улады Чачэнскай рэспублікі абвінавачваюць чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева ў выкарыстанні падробленага пашпарту (ч. 3 арт. 327 Крымінальнага кодэксу Расеі). Паводле праваабаронцаў, некалькі гадоў таму Амрыеў легальна атрымаў пашпарт, у якім быў няправільна ўказаны год ягонага нараджэння.

Некалькі дзён таму Амрыева затрымалі ў Бранскай вобласці і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пазней пераді ў Следчы камітэт. Адкуль Амрыеў збег, бо будынак атачылі чачэнскія праваахоўнікі. 8 чэрвеня Амрыева затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і прывезлі ў Дорбуш. Пазней улады Беларусі прынялі рашэнне экстрадаваць байца ў Расею.

Увечары, 8 чэрвеня, з Добрушскага РАУС выехала калона з шасці аўтаў, распавядае расейскаму выданню РБК адвакат спартсмена Пётр Заікін.

«Мы паехалі за імі. У выніку дзве машыны адарваліся ад нас, і, мабыць, цяпер затрыманага перадалі расейскім сілавікам. Па сутнасці, гэта экстрадыцыя», – сказаў адвакат.

8 чэрвеня маці Мурада Роза звярнулася праз тэлеканал «Белсат» да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю не выдаваць ейнага сына.

«Мой сын абсалютна невінаваты. Чалавек, які пераследуе яго ў Чачэніі, зводзіць асабістыя рахункі. Справа ў тым, што старэйшы брат Мурада прымаў удзел у другой чачэнскай кампаніі, ваяваў супраць федэралаў. Але ён ужо адбыў пакаранне 6 месяцаў і з’ехаў у Нямеччыну. Цяпер палююць на малодшага, помсцяць», – распавяла Роза Амрыева ў інтэрв’ю belsat.eu.

Да Аляксандра Лукашэнкі таксама звярнулася вядоўца тэлеканалу «Дождь» Ксенія Сабчак.

«Я чуў, нібыта я арганізаваў нейкі замах, на нейкага начальніка паліцыі (гаворка ідзе пра кіраўніка паліцыі Грознага Магамеда ДашаеваЗаўв. Belsat.eu). Мурада ў гэтым абвінавацілі. Нібыта ён таксама да гэтага датычны. Нейкае трызненне», – кажа брат Мурада Амрыева Зураб у размове з тэлеканалам «Дождь». Зураб Амрыеў быў удзельнікам баявых дзеянняў «супраць расейскіх акупантаў» падчас другой чачэнскай вайны.

У 2013-ым годзе Мурад Амрыеў звярнуўся ў Камітэт па перадухіленню катаванняў. Мурад распавёў праваабаронцам, што яго незаконна затрымалі працаўнікі паліцыі Грознага і катавалі токам, білі ды падвешвалі пад столлю. Паводле спартоўца, такім чынам улады Чачэніі спрабавалі змусіць вярнуцца ў рэспубліку ягонага брата. Пасля няўдалай спробы пакараць паліцыянтаў, якія яго катавалі, Мурад Амрыеў з’ехаў з Расеі.

ЮВ, belsat.eu, паводле tvrain.ru, rbc.bu

Стужка навінаў