Святлана Калінкіна пераходзіць працаваць на «Белсат»

video

Пра гэта яна распавяла падчас журналісцкага майстар-класу ў менскай кнігарні «Галіяфы».

Сустрэча з зоркаю беларускай журналістыкі прайшла ў межах цыклу публічных размоваў з вядоўцамі нашага тэлеканалу.

Не ўсіх можна запрашаць на ТБ

«Аднойчы ў мяне была анекдатычная сітуацыя, падчас інтэрвʼю з Францам Міньком. Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, Франца Мінька накіравалі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Ён адказваў за механізацыю і ўзначальваў упраўленне тэхнічнага прагрэсу, быў намеснікам міністра. Цудоўны чалавек. Але на мае пытанні адказваў задам наперад. То нешта ўзгадае, пасля вяртаецца да папярэдняга пытання, карацей, чорт нагу зломіць. Але ў газетным інтэрвʼю журналіст можа нешта дадаць, адкарэктаваць, і ў выніку ў нас атрымалася даволі добрае інтэрвʼю. Пасля апублікавання ён мне тэлефануе і кажа, маўляў, такое файнае інтэрвʼю ў нас атрымалася, усе мне ў міністэрстве руку паціскаюць і нават з тэлебачання патэлефанавалі ды запрасілі на размову. Я яму параіла не ісці. Ёсць людзі, з якімі зрабіць тэлевізійнае інтэрвʼю амаль немагчыма».

Самыя цяжкія суразмоўцы

«Цяжка рабіць інтэрвʼю з юрыстамі, дыпламатамі ды эканамістамі. Эканамісты закідваюць цябе лічбамі. Мая размова з Міхалам Залескім – гэта сапраўдны прыклад тролінгу журналіста».

https://www.youtube.com/watch?v=KIyKkpGbSy0

Цяжка задаваць пытанні маці, у якой загінула дзіця

«Калі здарылася трагедыя на Нямізе, мне патэлефанавалі з Масквы і папрасілі зрабіць сюжэт, бо ў гэтага выдання не было свайго карэспандэнта ў Менску.

І вось уявіце сітуацыю, што трэба нешта запытацца ў людзей, якія па моргах шукаюць сваіх дзяцей ды выходзяць адтуль збялелыя. А ты, як прафесіянал, мусіш з гэтым нешта зрабіць. Мне было цяжка пераступіць праз сябе, бо падыходзіць да людзей у гэты момант з нейкімі пытаннямі падавалася мне антыгуманным».

Доктар зʼехаў у Ізраіль, бо ў Беларусі яго маглі пасадзіць

«У мяне ёсць адно інтэрвʼю, якое так і не было апублікаванае. Гэта размова з доктарам, які з групай энтузіястаў тэставаў у Менску нетрадыцыйныя метады лячэння рака. Ён не верыў, што хіміятэрапія можа дапамагчы, таму спрабаваў іншыя метады. Цяпер ён жыве ў Ізраілі, дзе працуе ў эксперыментальных клініках. І ў мяне няма адназначнага адказу на пытанне, добра ці дрэнна, што гэтае інтэрвʼю не выйшла. У размове ён фактычна прызнаваўся ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Я давала пачытаць гэтую размову анколагам, і шмат хто пагаджаўся з аргументамі гэтага доктара. Але інтэрвʼю не выйшла, бо падумала: а што калі некаму хіміятэрапія патрэбная, але, прачытаўшы гэтую размову, чалавек ад яе адмовіцца?»

Прымітывізм, клішэ і пустаслоўʼе

«Размова з Дзмітрыевым – гэта прыклад, калі ты гутарыш з чалавекам, які абыходзіць твае пытанні то справа, то злева або адказвае пры дапамозе клішэ. З прафесійнымі дыпламатамі ды палітыкамі размаўляць вельмі цяжка».

https://www.youtube.com/watch?v=UQKpCH7A18w

Хачу зрабіць інтэрвю з Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі

«Цяпер мне не цікава рабіць інтэрвʼю з Лукашэнкам. Я хачу зрабіць з ім інтэрвʼю пасля ягонай адстаўкі. Хачу, каб ён сышоў на сваіх нагах, каб не было ў нас крыві ды гэтак далей, каб ён мог размаўляць і адказваць на пытанні. Мне падаецца, што пераасэнсаванне таго, што з ім адбылося і што перажыла краіна, было б цікавае. Памятаю, калі ў Менск прыехаў Савік Шустэр, тады ён яшчэ працаваў на НТВ, каб запісаць размову з Чубайсам і Лукашэнкам. Ад імя Анатоля Чубайса (расейскі палітычны дзеяч. – belsat.eu) мяне запрасілі на запіс гэтай праграмы.

Пасля здымкаў Лукашэнка падышоў да мяне і кажа: «Што вы, Святлана, такая злая?» А я тады была галоўным рэдактарам «Беларускай дзелавой газеты», якую закрывалі, і адказваю яму, што не маю нагодаў вам усміхацца. І дадала, што «калі вы сыдзеце, Аляксандр Рыгоравіч, я прыйду да вас браць інтэрвʼю, а вось Павал Ізотавіч (Павал Якубовіч – галоўны рэдактар газеты «СБ». – belsat.eu) – не».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары