Падлетку, якога вінавацілі ў збіцці амапаўца, далі 2 гады

video

Адразу пасля заняткаў вяртацца дадому, не наведваць забаўляльных імпрэзаў і не выязджаць за мяжу, а таксама не адключаць тэлефона для пастаяннага кантролю ягонага месцапрабывання – і гэтак цягам двух гадоў. Суд Цэнтральнага раёну Менску вырак 17-цігадовага Аляксандра Харуту да «хатняе хіміі». Хлопца прызналі вінаватым у нападзе на амапаўца Алега Шарка пасля таго, як быў затрыманы разам з сябрам нападпітку.

Нават анёл выйдзе з суду вінаватым

«Гэта хлопец, які насамрэч крышку нашкодзіў. Можна было пальцам на яго памахаць, паставіць у кут ці даць нейкі штраф. Але ж ён сутыкнуўся з амапаўцам – візітнай карткай краіны! З тым, хто выконвае асобную функцыю па ахове гэтага рэжыму! І таму, канешне ж, гэткі прысуд: ён вінаваты! Каб нават ён быў анёлам, усё роўна сёння з гэтай залы ён выйшаў бы вінаваты!», – мяркуе Анатоль Лябедзька, Абʼяднаная грамадзянская партыя.

«Пацярпелы» амапавец Алег Шарко
«Пацярпелы» амапавец Алег Шарко

У афіцыйную версію абвінавачання цяжка паверыць, нават не ведаючы дэталяў справы. Падрабязнасці ж, якія распавядае асуджаны падлетак ды сведкі здарэння, папросту шакуюць: 18-га ліпеня міліцыянты затрымалі ды жорстка збілі няпоўнагадовых Аляксандра Харуту і Мікіту Мацілайнена. Пры гэтым памачыліся на першага і пагражалі згвалціць.

Ілюзія справядлівасці знікла даўно

Зрэшты, сутыкненне з сапраўдным абліччам улады ў сям’і Аляксандра Харуты не першае. Два гады таму быў арыштаваны і адседзеў 15 содняў за кратамі айчым хлопца Павел Спірын, экс-кандыдат на дэпутата, былы працаўнік ЖЭСу ды аўтар скандальнага зборніку палітычнае сатыры «Казкі Крыштальнага сасуду», у якім высмейваліся ўлады і айчынная камунальная гаспадарка. А таму і ілюзіяў наконт справядлівасці сённяшняга выраку ў блізкіх падсуднага асабліва не было.

«На жаль, у нашых умовах гэта недапушчальна. Бо калі працаўнікі ўнутраных органаў будуць выконваць самы страшны для дзяржавы нарматыўна-прававы акт – Канстытуцыю, то ў нас тады ўлада вельмі хутка зменіцца», – дадаў Павел Спірын, айчым Аляксандра.

«Пакуль ёсць Лукашэнка – будуць і гэткія вось амапаўцы»

А таму, каб змяніць атмасферу страху, несправядлівасці ды беззаконня, змяняць трэба ўсю сістэму, перакананы апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька, які, як і шмат хто з апанентаў дзейных уладаў, неаднойчы адчуў на сабе міліцэйскі гвалт і слепату суддзяў.

«Пакуль ёсць сістэма, пакуль ёсць Лукашэнка – будуць і гэткія вось амапаўцы. Яны былымі ніколі не будуць. Як толькі трэба будзе зрабіць нейкую брудную справу, гэтыя людзі будуць гатовыя», – упэўнены Анатоль Лябедзька.

Цяпер сваякі асуджанага падлетка маюць намер прыцягнуць да адказнасці амапаўцаў, якія збілі ды зняважылі яго. Між тым скарыцца з сістэмаю гвалту ці не – пытанне застаецца актуальнае для ўсіх нас.

Інцыдэнт адбыўся 18 ліпеня. Падлетак з сябрам на вуліцы выпілі гарэлкі, пасля чаго пайшлі гуляць. Пасля іх затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Пры гэтым абодвух жорстка збілі. У аўтазаку да фізічных дадаліся і маральныя катаванні падлеткаў: міліцыянты мачыліся на іх і пагражалі згвалціць. Прэтэнзіі з боку амапаўца Алега Шарко ўзніклі пасля таго, як Аляксандр Харута распавёў пра жорсткія паводзіны міліцыянтаў. Шарко, які выступіў у судзе ў якасці пацярпелага, заявіў, што хлопец яго ўдарыў.

НМ, Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары