15 верасня суд Партызанскага раёну разгледзеў скаргу Ігара Комліка на меру стрымання – утрымання пад вартай.
У скарзе ён прасіў змяніць меру стрымання, бо лічыць што яна ўжытаяд а яго беспадстаўна і ва ўтрыманні яго пад вартай падчас следства няма неабходнасці, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Суддзя Наталля Дзядкова вырашыла, што мера стрымання выбраная законна і абгрунтавана, бо Ігар Комлік абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Яна пакінула рашэнне намесніка генеральнага пракурора без зменаў, а скаргу без задавальнення. У суд абвінавачанага не дастаўлялі.
Абаронца Ігара Комліка накіравала скаргу ў Менгарсуд на рашэнне суда Партызанскага раёну, які прызначыў яе разгляд на 19 верасня.
Ігар Комлік знаходзіцца пад вартай ужо больш за месяц – з 2 жніўня.
Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня. Сканфіскаваная большая частка кампʼютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы.
Пазней стала вядома, што Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка вінавацяць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле следства, прадстаўнікі прафсаюзу мелі рахункі ў замежных банках, перыядычна выязджалі за мяжу, каб зняць з іх грошы і прывезці ў Беларусь. Генадзя Фядыніча дапыталі і адпусцілі, Ігар Комлік увесь час, пачынаючы з 2 жніўня, знаходзіцца пад вартай.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»