Найбольшы выклік у сферы бяспекі з часоў халоднае вайны. Гэтак дзеянні Расеі назваў кіраўнік Генеральнага штабу Вялікай Брытаніі Нік Картэр. Генерал выступіў з рэзкаю прамоваю – зусім не ў стылі вядомай брытанскай стрыманасці. Картэр заклікае рыхтавацца да супрацьстаяння з Масквою. А мы пытаем: якое месца ў гэтым канфлікце зойме Беларусь? Вольга Жарнасек.
Нік Картэр, кіраўнік Генеральнага штабу Вялікай Брытаніі, заявіў:
«Расея можа распачаць варожыя дзеянні раней, чымся мы чакаем».
«Гэта не пачнецца з «зялёных чалавечкаў».
«Усё пачнецца з чагосьці, чаго мы не чакаем».
«Хутчэй за ўсё, яны будуць выкарыстоўваць гнюсныя дзеянні супраць 5-га артыкулу NATO, каб падарваць структуру Паўночнаатлантычнага альянсу».
Пяты артыкул, на які спасылаецца генерал Картэр, – аснова NATO. Згодна з ім, узброены напад на аднаго ці некалькіх чальцоў альянсу – напад на ўсіх. Але гэта не толькі ядро, але найбольш чуллівы пункт NATO. Пра які ведае і ў які б’е Масква.
Каментуе Арсен Сівіцкі, Цэнтр стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў:
«Гэта палітычная вайна. І адная з мэтаў – якраз падзяліць Еўраатлантычную супольнасць, падзяліць Еўропу для таго, каб гэтая гарантыі калектыўнае бяспекі проста не спрацавалі, каб 5-ты артыкул не быў актываваны падчас такога канфлікту».
У той жа час рыторыка і дзеянні Крамля змушае краіны альянсу ўзмацняць сваю абароназдольнасць. У першую чаргу з гэтым эксперты звязваюць вострыя выказванні брытанскага генерала. Лондан, галоўны вайсковы хаўруснік ЗША ў Еўропе, можа дазволіць больш рэзкую рыторыку і з увагі на хуткі выхад з Еўразвязу ды менш шчыльныя сувязі з Крамлём.
«Калі казаць аб праграме ўзбраення, з часоў эканамічнага крызісу 2008 года выдаткі Вялікай Брытаніі на абарону зменшыліся. Брытанія планавала скараціць свае базы ў Нямеччыне, якія існуюць там з Другой сусветнай вайны», – лічыць Збігнеў Пісарскі, кіраўнік польскага Фонду Казімежа Пуласкага.
У той жа час, як мяркуе польскі эксперт, новая вайна будзе не традыцыйная, а гібрыдная. Фонд між іншага займаецца арганізацыяй кампʼютарнай ваеннай сімуляцыі канфлікту пад назваю «Hegemon».
Зрэшты, Захад мусіць браць пад увагу і сцэнар адкрытага ўзброенага супрацьстаяння, адзначае Арсень Сівіцкі – удзельнік сімуляцыі з беларускага боку:
«З пункту гледжання лагістыкі, Расея мае вельмі развітыя дасканалыя магчымасці, каб раптоўна і хутка перакінуць вялікія групоўкі войскаў ва Усходнюю Еўропу, перш за ўсё на тэрыторыю Беларусі, Украіны ды краінаў Балтыі».
У такой вайне Масква мае часавую перавагу дзякуючы гэтак званаму сувальскаму калідору. Гэта гіпатэтычны сухаземны калідор даўжынёю прыблізна 70 кіламетраў, які злучае Беларусь з Калінінградскаю вобласцю Расеі. Яго захоп фактычна адрэжа іншых чальцоў NATO ад балтыйскіх краінаў.
Арсень Сівіцкі працягвае:
«Для гэтага Расея павінная спачатку ўсталяваць нейкі кантроль над тэрыторыяй Беларусі – палітычны, ваенны, каб яна магла свабодна выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю дзеля правядзення ці канвенцыйных, ці гібрыдных аперацыяў супраць краінаў-суседзяў Беларусі».
Як у выпадку вучэнняў «Захад», якія летась адбыліся на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Згодна са сцэнаром, Саюзная дзяржава супрацьстаяла агрэсіі выдуманых заходніх краінаў – Весбарыі ды Лубеніі, якія месцяцца ў Балтыйскім рэгіёне. А таксама Вейшнорыі, што займае Гарадзенскую вобласць.
«На мой погляд, было праведзенае сацыялагічнае даследаванне, якім чынам грамадзяне Беларусі будуць рэагаваць на прысутнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі сваёй краіны. Я думаю, што расейцы будуць рабіць з гэтага высновы. Калі, на іхны погляд, не было моцнага супраціву ў беларускім грамадстве, то можна меркаваць, што гэта будзе заахвочваннем, каб расейцы яшчэ больш смела пачуваліся на тэрыторыі Беларусі», – лічыць Збігнеў Пісарскі.
Два гады таму Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў запытаў беларусаў пра дзеянні ў выпадку расейкай агрэсіі. Бараніць Беларусь са зброяй у руках быў гатовы толькі кожны пяты грамадзянін краіны. Каля паловы імкнуліся б прыстасавацца. Яшчэ 15 % былі б на баку Масквы.На чыім баку будзе кіраўнік Беларусі?
«Лукашэнка, як мне падаецца, спрабуе рэалізоўваць казахскі сцэнар, а менавіта адкрыццё межаў для інвестыцыяў з Кітаю ды іншых краінаў, якія б маглі стацца ўскоснымі закладнікамі Лукашэнкі. У выпадку імавернай агрэсіі супраць Беларусі Лукашэнка зможа выкарыстаць аргумент, маўляў, бараніце маю незалежнасць, а тым самым будзеце бараніць незалежнасць сваіх інвестыцыяў», – працягвае Збігнеў Пісарскі
У адваротным выпадку Лукашэнка і Беларусь могуць зрабіцца закладнікамі Расеі, якая імкнецца пераўтварыць незалежную дзяржаву ў плацдарм для вайны з заходнімі краінамі. Гэты сцэнар найгоршы, але і найбольш імаверны. І да яго рыхтуюцца не толькі ў Лондане, але і ў Менску.
Сюжэт паказалі 26 студзеня 2018 г. у праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.