Кітайскі цмок узмацняе беларускага зубра


Старшыню Камуністычнай партыі Кітаю ўрачыста пераабралі на другі тэрмін, які мусіць быць і апошні. Аднак падчас партыйнага з’езду было парушана столькі палітычных традыцыяў краіны, што другі тэрмін Сі Цзінь Піна можа стацца не пачаткам канца ягонай партыйнай карʼеры, а канцом пачатку шляху старшыні да палітычных вышыняў. Якім будзе новы Кітай пры старым кіраўніку, і якое месца займае Беларусь у думках лідара Паднябеснай?

Сі Цзінь Пін і ягонае палітбюро – гэтыя сем асобаў будуць кіраваць прыблізна кожным пятым чалавекам на зямлі цягам бліжэйшых пяці гадоў. Мінімум. Паводле кітайскай палітычнай традыцыі генеральны сакратар сыходзіць у адстаўку ва ўзросце 68 гадоў. Адпаведна, напярэдадні сваёй апошняй інаўгурацыі прынамсі адзін сябра палітбюро векам і ідэалагічна пасуе на ролю пераемніка. Не ў гэтым выпадку.

«Кітайская камуністычная партыя – найбуйнейшая партыя ў свеце. Вялікія мусяць здзяйсняць вялікія справы. Гісторыя кажа наўпрост – Кітайская камуністычная партыя здольная не проста быць вастрыём дзіды вялікай сацыялістычнай рэвалюцыі, але і рэфармавацца самая!», – заявіў генеральны сакратар Камуністычнай партыі Кітаю.

Сі Цзінь Пін яшчэ ў 2015 годзе казаў, што партыя не можа дазволіць сабе абмяжоўваць кадравы рэсурс узростам. Трохгадзінная прамова генеральнага сакратара, вытрымкі з якой цяпер раздаюцца на вуліцах як чырвоныя кніжкі Маў Цзэ Дуна, сталася не простым інаўгурацыйным зваротам.

«Кангрэс адзінагалосна прыняў папраўку да канстытуцыі пра ўлучэнне Думак Сі Цзінь Піна пра сацыялізм з кітайскаю спецыфікаю новай эры поруч з марксізмам і ленінізмам, ідэямі Маў Цзэ Дуна, тэорыяй Дэн Сяў Піна. Прынятыя як навуковыя погляды агулам, гэтак і кіроўныя прынцыпы», – было заяўлена падчас XIX з’езду Камуністычнай партыі Кітаю.

Да Сі Цзінь Піна свае думкі ў канстытуцыю ўпісваў толькі Маў Цзэ Дун.

Акрамя далейшага эканамічнага росту Кітаю, гэта думкі пра палітычныя планы пасля другога тэрміну старшыні, наўпроставы кантроль партыі над войскам, канчатковае ўвядзенне палітыкі дваіх дзяцей, больш жорсткі кантроль сеціва і высновы пра неабходнасць выправіць экалагічную сітуацыю. Прасцей кажучы, пра што не думае Сі Цзінь Пін.

«Новага ў гэтай прамове толькі тое, што ён абвесціў новую эру сацыялізму. Але нічога новага няма ў тым, што партыя будзе граць такую ж, калі не большую ролю ў сэрцах людзей і ў законе. Закон і людзі – гэта проста партыйныя інструменты. У Кітаі проста не будзе месца незалежным думкам», – кажа Шарон Хом, выканаўчая дырэктарка Правоў чалавека ў Кітаі.

Сын аднаго з лідараў камуністычнай рэвалюцыі – барацьбіт з карупцыяй, кансерватар і праціўнік вольнага інтэрнэту. Гучыць як апісанне шараговага кітайскага генеральнага сакратара. Чаму менавіта Сі Цзінь Пін дэманструе гатовасць кіраваць і далей?

«Гэта амбіцыі самога Сі Цзінь Піна. Тыя, хто быў перад ім, Цзян Цзэмінь і Ху Цзінтао, з іхнымі імёнамі звязваюць дасягненні Кітаю да пачатку 2010-ых гадоў. Але ў іх не было прэтэнзіяў на працяг, і іхная палітыка была больш рэфармісцкая, чымся тое, што паказаў Сі Цзінь Пін цягам першых пяці гадоў ва ўладзе», – адзначае адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Сярод думак генеральнага сакратара, ёсць толькі адна рэфармісцкая.

«Сёння партыі наўпрост падпарадкоўваюцца толькі сілы стратэгічнай абароны. Рэшта войска застаецца пад кіраўніцтвам шэрагу генеральных дэпартаментаў. Вайсковая рэформа зробіць кіраванне арміяй наўпроставым, зменшыць колькасць акругаў і створыць інфармацыйныя сілы стратэгічнага падтрымання».

Але гэта ўнутраныя справы Кітаю. Усяму свету Пекін у асобе Сі Цзінь Піна прапануе супрацу і заяўляе адкрытасць да глабалізацыі.

«Гэтыя словы надзвычай важныя для глабальнай эканомікі – паглядзіце, нават развітыя краіны ідуць на пратэкцыянісцкія захады. Калі ж казаць аб прыкладах кітайскай адкрытасці, варта ўзгадаць праект «Адзін пояс – адзін шлях», рухавік будучага эканамічнага росту», – мяркуе прафесар Ілінойскага інстытуту тэхналогіі Кайры Турк.

Адмыслоўцы ўпэўненыя: Кітай гатовы падняць сцяг сусветнага лідарства, які адкладае ў бок Амерыка Доналда Трампа. Той заклікае засяродзіцца на праблемах Злучаных Штатаў выходзіць з парыжскага пагаднення і пакідае ЮНЭСКО. А Сі Цзінь Пін у студзені стаўся першым генеральным сакратаром на сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Трампа там не было.

«Такім чынам ён сам ачысціў поле дзейнасці для Сі Цзінь Піна. І Сі Цзінь Пін у сваёй прамове на зʼездзе адзначыў, што Кітай мусіць гуляць большую ролю на міжнароднай арэне. Такім чынам мы будзем мець у асобе Сі Цзінь Піна новага лідара, і Кітай будзе граць значна большую ролю, чымся дасюль», – адзначае Яўген Красулін.

Пэўную ролю ў гэтым можа згуляць і Менск. Калі сапраўды пераканае Пекін у гатовасці зрабіцца для яго акном у Еўропу. Шматпакутны індустрыйны парк «Вялікі Камень» гатовы падтрымаць амбіцыі кітайскага генеральнага сакратара. Гаворка перадусім пра амбітны праект «Адзін пояс – адзін шлях».

«Безумоўна, кіраўніцтва дзвюх краінаў, Кітаю і Беларусі, разглядае парк як вузлавую пляцоўку новага шаўковага шляху. Фактычна мы арыентуемся на тое, што гэта адзін з найбуйнейшых, ці не самы буйны кітайскі праект, будзе паспяхова інтэграваны ў гэты кітайскі праект», – распавядае выканальнік абавязкаў кіраўніка адміністрацыі індустрыйнага парку «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка.

Найбольш паспяхова ж інтэгруюцца ў Беларусь кітайскія вайсковыя распрацоўкі. Гэта задарма перададзеныя 22 лёгкія бронемашыны «Dongfeng mengshi» – аналагі амерыканскіх «Humvee». Сёлета ў Беларусь прыехала больш сурʼёзная тэхніка – бронетранспарцёры CS/VN3, і канечне не забывайма пра ракетны комплекс «Паланэз», узброены кітайскімі высокадакладнымі ракетамі. Пакуль Захад дасюль не здымае забароны на продаж зброі Менску, а Масква хутчэй думае пра вайсковыя базы ў Беларусі, а не пра дапамогу хаўрусніку, беларускі зубр узбройваецца ў кітайскага цмока.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 27 кастрычніка 2017 г.

Стужка навінаў