Ваенная гульня «Hegemon»: Канфлікт НАТО з Расеяй пачнецца з Беларусі


Як абараніць дзяржавы Балтыі ды Польшчу ад атакі Расеі з тэрыторыі Беларусі?

Над гэтым ламалі галовы падчас ваеннай гульні «Hegemon – балтыйская кампанія». Кампʼютэрную сімуляцыю сучаснага вайсковага канфлікту з такою назвай упершыню зладзілі ў Варшаве.

Яе зарганізавалі супольна дзве фабрыкі думак – амерыканскі фонд «Potomac» і польскі Фонд Казімежа Пуласкага. Вынікі і высновы сакрэтныя. Іх перададуць польскаму ды амерыканскаму кіраўніцтву. Сяргей Пеляса з «Белсату» стаўся адзіным беларускім журналістам, які прысутнічаў на прэзентацыі гульні. Якую ролю адвялі ў ёй Беларусі? Што будзе з Еўропаю, калі расейцы адхіляць Лукашэнку ад улады?

На спадарожнікавай мапе – Беларусь і нашыя суседзі. Чырвоныя і сінія сцягі, квадрацікі, абрэвіятуры. Гэтак выглядае ваенная гульня «Гегемон». Перад маніторамі – заходнія вайскоўцы ды эксперты ў пытаннях бяспекі. Галоўны – амерыканскі генерал у адстаўцы Філіп Брыдлаў. Ён кажа:

«У ваенныя гульні не гуляюць, каб перамагаць, але каб вучыцца. І я думаю, у нас тут была вялікая навука».

Злева направа: Генерал Пол Тэнант з Саюзнага корпусу хуткага рэагавання (ARRC), генерал Філіп Брыдлаў, Збігнеў Пісарскі

Што палякі ды амерыканцы цяпер ведаюць пра Беларусь?

Чаму ж навучыліся палякі ды амерыканцы ў Варшаве пра нашую краіну?

У гульні браў удзел толькі адзін беларус – Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў:

«Гульня прадэманстравала змяненне стаўлення да Беларусі. Звычайна да Беларусі ставіліся як да залежнага ад Расеі сатэліта».

Філіп Брыдлаў, былы галоўнакамандуючы саюзнымі сіламі ў Еўропе:

«Я шмат навучыўся пра Беларусь падчас гэтай ваеннай гульні. Я магу вам сказаць, што гэтая тэма была добра абмеркаваная».

«У нас быў цудоўны ўдзельнік тут, які размаўляў з намі пра тое, як на Беларусь можа паўплываць такі сцэнар ці як яна можа зрабіцца часткаю гэтага», – дадаў ён.

Аднак Беларусь паказала адрозную ад расейскай пазіцыю адносна канфлікту з Украінаю. Раней не прызнала Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Не зважаючы на ціск з боку Расеі, імкнецца праводзіць уласную замежную палітыку – паволі паварочваецца на Захад. Што не падабаецца Маскве.

Гэта сцэнар гульні, але ў рэальнасці на Захадзе пачалі сурёзна рыхтавацца да такога развіцця падзеяў

Расказвае Арсен Сівіцкі:

«Спачатку Крэмль інспіруе пераварот у Беларусі, у выніку якога Лукашэнку адхіляюць ад улады. Да ўлады прыходзіць цалкам лаяльная да Крамля палітычныя сіла, якую ўзначальвае адзін з генералаў беларускіх спецслужбаў прарасейскай геапалітычнай арыентацыі».

Маскоўскі стаўленік запрашае расейскія войскі. Крэмль пачынае выкарыстоўваць Беларусь для гібрыдных пагрозаў супраць Польшчы ды Балтыі. А пазней пераходзіць і да вайсковых пагрозаў. Далей паводле сцэнара гульні, сіні бок, НАТА, пастанаўляе актываваць пяты артыкул і ўступае ў канфлікт з чырвоным бокам, то бок РФ. Пачынаюцца баявыя дзеянні.

Інтэрфэйс гульні «Гегемон»

Хто перамог – не вядома. Афіцыйных высноваў арганізатары не агучылі.

Неафіцыйна ж вядома, што, паводле сцэнара, расейцы ўвялі на тэрыторыю Беларусі тактычную ядравую зброю.

Філіп Брыдлаў, былы галоўнакамандуючы саюзнымі сіламі ў Еўропе:

«У нас ёсць ваенная гульня, якая не створаная, каб даць нам канкрэтныя высновы. Але дае нам межы, з якіх трэба сыходзіць, калі мы думаем пра нашыя сілы, нашую гатовасць, нашую тэхніку і пра тое, наколькі мы падрыхтаваныя да любой такой магчымасці ў гэтай частцы свету».

НАТА рыхтуецца вельмі актыўна

У адказ на агрэсіўныя дзеянні Расеі супраць Украіны ў Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі да красавіка размесцяцца шматнацыянальныя батальёны НАТА. Агулам прыблізна чатыры тысячы жаўнераў. Усё побач з Беларуссю.

Але паводле Арсена Сівіцкага, гэтыя батальёны не ствараюць ніякай пагрозы Беларусі, а пагатоў для Расеі.

Таксама пагрозы не стварае амерыканская браняваная Брыгадная баявая група (ABCT). Тры з паловаю тысячы жаўнераў з танкамі ды іншаю тэхнікай – ужо ў Польшчы. У лютым да яе далучыцца брыгада верталётаў. Амерыканскія сілы будуць падзеленыя і раскіданыя ад Балгарыі да Эстоніі. А таму для Беларусі, а пагатоў Расеі пагрозы няма, бо сілы непараўнальныя.

У чым пагроза для Беларусі?

Натаўцы могуць выклікаць неадэкватны адказ з Усходу, які закране нашую краіну.

Але засталося і шмат пытанняў. Гэтак і задумваў «Гегемон» яе стваральнік Філ Пітэрсэн з фонду «Potomac». Яго працытаваў польскі арганізатар гульні Збігнеў Пісарскі, прэзідэнт Фонду Казімежа Пуласкага:

«Ідэя гульні – пакінуць удзельнікаў з пытаннямі. Каб яны самыя задавалі сабе пытанні: што я буду рабіць, як я буду гэта рабіць. Як я адкажу на выклікі, з якімі мы сутыкнуліся падчас сімуляцыі?»

З такімі пытаннямі застаюцца і беларусы перад іншаю ваеннаю гульнёй – вучэннямі «Захад-2017», што адбудуцца ў верасні. Варшаўская ж гульня экспертаў – гэта ня толькі пытанні, якія засталіся. Каментуе Арсен Сівіцкі:

«Гэта папярэджанне краінам рэгіёну. Не толькі НАТА. Але таксама Беларусі і Украіне. Мы бачым, што РФ працягвае агрэсіўны курс».

І такі курс быў закладзены ў аснову гульні. А Захад адказвае на яго. У панядзелак пачнуцца першыя вучэнні палякаў і амерыканцаў у Жагані. Генерал Брыдлаў вярнуўся ў Злучаныя Штаты, дзе ў Кангрэсе сустрэнецца з Камітэтам абароны. Там ён можа распавесці, што даведаўся пра Беларусь у Варшаве. А гульня працягваецца, і галоўнае – каб нашая краіна была ў ёй не статыстам, а акторам.

Сяргей Пеляса

Cюжэт упершыню выйшаў у эфіры «ПраСвету» ў пятніцу, 27 лютага.

Стужка навінаў