Сто вязняў Крамля: Куды завядзе рэжым Пуціна

video

У адрозненні ад Беларусі, дзе адбываецца мяккая лібералізацыя, у Расеі рэжым становіцца ўсё больш таталітарны.

Яшчэ нядаўна можна было чуць, што ў пытаннях правоў чалавека Масква ідзе шляхам Менску. Аднак калі Аляксандр Лукашэнка вызваляў палітвязняў, у Расеі зʼяўляліся чарговыя. Цяпер праваабаронцы налічваюць іх каля ста. Як лёгка зрабіцца палітвязнем у краіне Уладзіміра Пуціна?

Каментуюць Эдуард Пальчыс і Анастасія Зотава, жонка расейскага палітычнага вязня Ільдара Дадзіна. Прапануем вашай увазе матэрыял Руслана Шошына.

Ільдар Дадзін стаўся першым у Расеі палітвязнем, якога асудзілі паводле зменаў у крымінальным кодэксе, зацверджаным расейскай Дзяржаўнай Думай пасля анексіі Крыму. Паводле гэтых зменаў, удзел у несанкцыянаваных мітынгах і акцыях апазіцыі можа скончыцца турмой. Так сталася ў выпадку Ільдара Дадзіна, незалежна ад таго, што яго пікеты былі адзіночныя.

Расейская журналістка і жонка Ільдара Дадзіна Анастасія Зотава кажа, што ўсе справы былі сфабрыкаваныя, а закон, паводле якога сядзіць яе муж, антыканстытуцыйны.

Чытайце таксама:

Вось што кажа Анастасія Зотава, жонка Ільдара Дадзіна:

«Ільдар Дадзін сядзіць за адзіночныя пікеты, але паводле прысуду за масавыя акцыі. Але ніякіх масавых акцыяў не было, парушэнняў вядома таксама не было. Былі сфабрыкаваныя пратаколы ў паліцыі, дзе паліцэйскія кажуць, што Ільдар нібыта быў яшчэ з нейкімі людзьмі».

На пачатку лістапада Дадзін распавёў пра збіццё і катаванні ў калоніі N 7 у Карэліі, куды яго скіравалі пасля прысуду. Начальніка калоніі звольнілі, а справай зацікавіўся нават Пуцін. Але прэзідэнцкая праверка нічога канкрэтнага не выявіла.

«Вядомыя факты катаванняў зняволеных у Карэліі, кемераўскай вобласці, свярдлоўскай, іркуцкай, чэлябінскай», – працягвае Анастасія Зотава.

Нядаўна Еўрапейскі Парламент прыняў рэзалюцыю ў якой дамагаўся неадкладнага вызвалення Дадзіна і правядзення незалежнага следства ў справе катаванняў у турмах, дамагаецца гэтага таксама і ЗША. Магчыма менавіта таму апазіцыянера перавялі ў іншую калонію. Але што з іншымі?

Расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» налічвае сто палітвязняў. Амаль палова з іх сёння знаходзіцца ў расейскіх турмах, a ў дачыненні да рэшты стасуюцца іншыя меры абмежавання волі. Сярод іх ёсць і ўдзельнікі пратэстаў на Балотнай плошчы, ёсць таксама і затрыманыя ў Крыме ўкраінцы вызвалення якіх дамагаецца Кіеў.

Вядомага беларускага блогера і былога палітвязня Эдуарда Пальчыса, які асабіста прайшоў праз расейскую турму, лічба палітвязняў у Расеі не здзіўляе.

Стваральнік сайту 1963x.com дзеліцца сваім меркаваннем:

«Палітвязнем у Расеі стаць не складана. Гэта паказвае справа Балотнай плошчы, дзе ёсць аналогія з нашым снежнем 2010 года, дзе таксама за краты трапіла вялікая колькасць людзей. Ёсць зняволеныя сярод нацыяналістаў, камуністаў, расейскіх левых, такіх як Сяргей Удальцоў. Садзяць вельмі шырокі спектр людзей. Гледзячы на суды, калі людзей садзяць за рэпосты фотаздымкаў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» і за смскі, высланыя яшчэ ў 2008 годзе на тэму канфлікту ў Грузіі, сто чалавек можа быць і за мала».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ёсць адзін палітвязень. Гэта навуковец Міхаіл Жамчужны з Віцебску, які сядзіць за нібыта разгалошванне навуковых таямніцаў. Акрамя яго з лета 2014 года за кратамі таксама знаходзіцца праваабаронца Андрэй Бандарэнка, асуджаны за «злоснае хуліганства». А ўплывовыя праваабарончыя арганізацыі кшталту «Міжнароднай Амністыі» мяркуюць, што ў Беларусі, у адрозненні ад Расеі, вязняў сумлення няма.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Яе апошняе выданне цалкам:

Глядзі таксама
Каментары