Стала вядомая дата суду па справе «беларускага шпіёна» 


Будынак Чарнігаўскага райсуду, дзе мае адбыцца разгляд справы беларуса Юрыя Палітыкі. Фота - court.gov.ua

Папярэдняе судовае паседжанне па справе 32-гадовага грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы, прызначана на 12 лютага.

Справу будзе разглядаць Чарнігаўскі раённы суд, пачатак – а 16-й. Адпаведная інфармацыя знаходзіцца ў афіцыйным рэестры судовай улады Украіны.

 

Раней у беларускай амбасадзе адзначалі, што на папярэднем паседжанні мусіць быць ухвалена рашэнне пра дату пачатку судовага разгляду справы па сутнасці.

Сёлета ў студзені Юрыю Палітыку вынеслі абвінаваўчае заключэнне паводле ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэксу Украіны «Шпіянаж». Беларусу пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

Беларуса затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона. Цяпер беларус знаходзіцца ў СІЗА горадзе Чарнігаў.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары